Суды за фоткі, кветкі і фіранкі


Чарговыя прысуды ў крымінальных справах. 4 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, як і патрабаваў пракурор, прызначыла суддзя Таццяна Шоцік мастаку Аляксандру Нурдзінаву.

У судзе Ленінскага раёну сталіцы 29-гадовага мужчыну пакаралі за ўдзел 9-га і 10-га жніўня ў паслявыбарчых пратэстах.

Паводле абвінавачання, Аляксандр разам з іншымі блакаваў праезную частку, а таксама кідаў у амапаўцаў рэчамі ды кветкамі, сарванымі з клумбаў. Віны сваёй мужчына не прызнаў, а ў судзе заявіў пра ціск з боку следства.

Працягваюць судзіць і за актыўнасць у інтэрнэце. Паўтара года хатняй хіміі за абразу ў раённым чаце аднаго з кіраўнікоў ГУБАЗіКу атрымаў мянчук Аляксей Мачалаў. А ў Гомлі 15-гадовага падлетка на два гады накіравалі ў спецыяльную вучэбна-выхаваўчую ўстанову закрытага тыпу за адміністраванне тэлеграм-каналу. МУС жа паведамляе пра ўсё новыя арышты.

Не спыняюцца суды і па-за Менскам. Адразу паводле трох пратаколаў разглядалі справу актывіста БНФ з Наваполацку Анатоля Куліка. Пакаралі 75-гадовага мужчыну 10-цю соднямі арышту паводле артыкулу 23.34, за несанкцыянаваныя шэсці – шпацыры са сцягам, накінутым на плечы. А таксама за несанкцыянаваны пікет – белыя і чырвоныя фіранкі на вокнах кватэры.

«Я працаваў, аддаваў гэтай краіне, гэтай будучыні, каб яна квітнела. Па крайняй меры каб вот гэтага не адбывалася што зараз адбываецца – калі мяне зневажаюць, пераследуюць. Толькі мой выхад на вуліцу – адразу інфармацыя ідзе аж да Віцебску, што выйшаў і трэба», – кажа Анатоль Кулік.

Пасля выбараў гэта ўжо пяты суд над актывістам.

«Такія людзі як Анатоль Міхайлавіч Кулік – яны даюць прыклад іншым, моладзі што не трэба нічога баяцца, мы ў сябе дома і мы пераможам», – лічыць паплечнік Анатоля Куліка Мікола Шарах.

Штрафам 580 рублёў пакаралі гомельца Вадзіма Васільева за фота ў закрытым чаце – здымак ля навагодняй ялінкі са сцягам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі.

«Інфармацыю з закрытага чату ніхто б не атрымаў, калі б міліцыянты канкрэтна не ўзялі прыладу і не зайшлі ў закрыты чат. Інакш у закрыты чат трапіць немагчыма. Гэта быў фотаздымак з партыйным сцягам, зарэгістраваным, як віншаванне для аднапартыйцаў з новым годам. Тут ніякага парушэння быць у прынцыпе не можа», – кажа Вадзім Васільеў.

У судзе Савецкага раёну Гомля Сяргей Лагуновіч палічыў інакш, прызнаўшы Вадзіма Васільева вінаватым у пікетаванні. За гэты ж фотаздымак паплечніца з партыі пакаранага Ала Караленка ўжо адбывае 15 содняў арышту, а Наталлю Юшкіну будуць судзіць на наступным тыдні. Праваабаронца Васіль Палякоў нагадвае, што грамадзяне маюць права на мірныя сходы:

«І нават калі б гэта быў пікет, а не сэлфі, нават калі б гэта былі нейкія актыўнасці каля адміністрацыі Савецкага раёну ці гарвыканкаму Гомля, усё роўна людзей не павінны пераследаваць за тое, што яны выказваюць сваё меркаванне».

Дзяржава мусіць не затрымліваць і караць за мірныя сходы, а ствараць умовы, каб людзі маглі зрэалізаваць сваё права, падкрэслівае праваабаронца.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»