«Насельніцтва ня бачыць стабільнасці». Золатавалютныя рэзервы растаюць


Золатавалютныя рэзервы Беларусі працягваюць раставаць. Паводле інфармацыі Нацыянальнага банку, толькі за апошні месяц залаты запас зменшыўся на тры з паловаю адсотка і цяпер складае 7 мільярдаў 203 мільёны. Гэта амаль на чвэрць менш, чымся мелі па выніках студзеня летась.

Мінус 265 мільёнаў долараў – такое істотнае студзеньскае змяншэнне золатавалютных рэзерваў у Нацыянальным банку тлумачаць зніжэннем кошту манетарнага золата ды выплатаю дзяржаўных забавязанняў на суму 410 мільёнаў долараў.

«Гэтая лічба гасне на фоне таго, што ў канцы студзеня Мінфін размясціў аблігацыі валютныя на суму прыкладна 629 мільёнаў. Але што цікава, гэтыя аблігацыі, грошы, атрыманыя амаль у поўным аб’ёме, былі выдзеленыя на дапамогу БМЗ», – кажа эканаміст Сяргей Жбанаў.

Агулам з пачатку 2020 года страта золатавалютных рэзерваў Беларусі ацэньваецца больш чым на 2 мільярды 200 мільёнаў долараў, што складае больш за чвэрць ад агульнай сумы.

Таксама, паводле Нацбанку, у студзені беларусы выступілі чыстым пакупніком валюты: набылі ў банках на 154 мільёны долараў больш, чым прадалі.

«Насельніцтва ня бачыць стабільнасці, яно не давярае гэтай эканамічнай сітуацыі, якая сёння склалася. Яно выбірае ўсе свае свабодныя сродкі канвертаваць у валюту – так спакойней», – тлумачыць Сяргей Жбанаў.

Пры гэтым за мінулы год банкаўскія дэпазіты насельніцтва ў беларускіх рублях скараціліся амаль на 12 адсоткаў, а ў замежнай валюце – больш чым на 25. Адкладаць у беларусаў больш не атрымліваецца.

Мы спыталіся жыхароў Віцебску:

«Нічога не адкладаем мы, цяпер не той час, каб адкладаць грошы».

«Часткова долары, а часткова беларускія рублі, таму што няма ўпэўненасці ў стабільнасці ў нашай краіне».

«Толькі хапае на ежу. Дый тое, на такую, сярэдненькую».

«Дом прадаў бабулін у вёсцы, то трошкі ёсць. А ашчаджаць – не… Толькі на жыццё».

Адсутнасць рэформаў ды палітычны крызіс не абяцаюць беларускай эканоміцы палёгкі і ў бліжэйшай перспектыве. Згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі да канца года чакаецца далейшае падзенне асноўных паказнікаў, у тым ліку і абʼёму золатавалютных рэзерваў. Згодна з прагнозам да канца года яны зменшацца яшчэ больш як на мільярд долараў.

Алесь Баразенка, «Белсат»