«Хацеў бы быць салідарны з людзьмі, якія цяпер церпяць у Беларусі». Менскую сям’ю пераследуюць за жалюзі


Гаспадара Сяргея Мельянца асудзілі штрафам за бел-чырвона-белыя жалюзі на вакне яго дому. Але ён не збіраецца іх здымаць.

Сяргей Мельянец скончыў духоўную семінарыю і служыць у царкве. За колер хатніх жалюзі ён быў пакараны штрафам 870 рублёў – як за несанкцыянаванае вулічнае мерапрыемства. У дадатак шматдзетную сям’ю, дзе гадуюцца сямёра непаўнагадовых дзяцей, пагражаюць паставіць на ўлік як сацыяльна небяспечных, а старэйшага сына выключыць з паліграфічнага каледжу. Але Меляшкевічы вырашылі не здавацца.

«Гэта сімвалы, якія маюць асаблівае значэнне для мяне і майго жыцця: нашая сям’я больш за 20 гадоў у царкве. Да таго ж я хацеў бы быць салідарны з людзьмі, якія цяпер церпяць у Беларусі, – я ведаю гэта непасрэдна, на сабе адчуў. І я хачу, каб людзі, гледзячы на мае вокны, бачылі там надзею», – кажа спадар Сяргей.

Сябры і паплечнікі-хрысціяне ў царкве «Свет Истины» даюць самыя лепшыя характарыстыкі сям’і Мельянцоў, а Сяргея ведаюць як добрага служыцеля і патрыёта.

«Ён перажывае за нашую краіну. Я ведаю, што калі ў жніўні адбываліся гэтыя падзеі – ён маліўся ў машыне – яго выцягнулі, вельмі дрэнна з ім абыходзіліся ні за што, ні пра што – ён ледзь выжыў фактычна. Чаму так? У свеце шмат зла, і шлях адзін: перамагаць зло дабром. Сяргей так робіць», – кажаслужыцель царквы Грыгорый Літвін.

Суды і штрафы за вывешаныя ў вокнах бел-чырвона-белыя сцягі, за адзенне ў нацыянальных колерах і нават бел-чырвона-белую пасцілу, як за несанкцыянаванае вулічнае мерапрыемства паводле артыкулу 23.34, сталі паўсядзённымі фактамі, якія, аднак, не маюць нічога агульнага з законнасцю, сцвярджаюць праваабаронцы.

«Артыкулы Адміністратыўнага кодэксу існуюць даўно, але такой практыкі ніколі не было, бо гэта неправавы падыход. А цяпер гэта – выключна «рэвалюцыйная мэтазгоднасць», якая нічога агульнага з правам не мае», – кажа старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак.

Сяргей Мельянец накіраваў апеляцыйную скаргу за накладзены штраф у Менскі абласны суд і чакае новага разгляду справы.

Галіна Абакунчык, «Белсат»