У Менску развіталіся з Адамам Мальдзісам


У менскім касцёле Сымона і Алены развіталіся з Адамам Мальдзісам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта чалавек, які ўсё жыццё займаўся вяртаннем культуры, беларускіх каштоўнасцяў у нашу свядомасць, у краіну», – кажа грамадская актывістка Валерыя Чарнаморцава.

Адам Мальдзіс – доктар філалагічных навук, гісторык беларускай літаратуры, пісьменнік, публіцыст, аўтар унікальных даследаванняў старабеларускай літаратуры. Амаль дзесяць гадоў таму, падчас святкавання свайго 80-годдзя, Адам Мальдзіс казаў так:

«Я лічу самым важным вынікам жыцця шасцітомнік, бібліяграфічна-энцыклапедычны слоўнік «Беларускія пісьменнікі». Таму што гэта каля дваццаці гадоў жыцця, і гэта вельмі важны для сённяшняга пакалення даведачны матэрыял».

Але ягоныя інтарэсы не абмяжоўваліся літаратурай. Адам Мальдзіс зрабіў велізарную працу для пошуку страчаных матэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі, між іншага – слыннага крыжа Еўфрасінні Полацкай.

«Ён багата знайшоў і музычных твораў, і каб не ягоная праца, невядома, якімі былі б нашы веды пра музычнае барока беларускае», – кажа прафесар Акадэміі музыкі Віктар Скорабагатаў.

Адам Мальдзіс быў здольным арганізатарам і ўмеў натхняць калегаў.

«Яшчэ адна яго вялікая заслуга – гэта стварэнне цэнтру Cкарыны. Гэта быў дзяржаўны цэнтр, ён быў створаны ў 1991-м годзе, Адам Восіпавіч стаў яго кіраўніком доўгія гады, і менавіта пад ягоным кіраўніцтвам там збіралася і бібліятэка выданняў беларускага замежжа, там быў створаны музей беларускага замежжа», – кажа экс-кіраўніца згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Апроч Скарынаўскага цэнтру, закрытага рэжымам у 2004-м, Адам Мальдзіс стаяў ля вытокаў стварэння Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Даследнік выступаў за дыялог культураў і сам падтрымліваў стасункі з навукоўцамі з усяго свету.

«Мяне вельмі прыемна здзіўляла заўсёды паўната яго асобы – ён быў паўлітовец з памежжа. Ён мне распавядаў, што яго бабуля і дзядуля з боку бацькі паміж сабой гаварылі па-літоўску. І гэтыя два розныя пачаткі, розныя нацыянальныя пачаткі, яго не разрывалі, а наадварот, абагачалі», – кажа літаратуразнаўца і перакладчыца з Літвы, доктар гуманітарных навук Алма Лапінскіене.

Надзвычай шляхетны чалавек з тонкім пачуццём гумару, фенаменальнай памяццю і ўменнем распавядаць, Адам Мальдзіс ахвотна дзяліўся сваймі ведамі.

«Ён быў апантаны нашай гісторыяй, нашай культурай, у яго былі энцыклапедычныя веды. А самае галоўнае, што ён быў сведкам той эпохі гадавання, развіцця і жыцця класікаў, якіх мы так любім», – кажа паэтка Валярына Кустава.

Глыба беларускай культуры і чалавек-энцыклапедыя – мала каго ў Беларусі можна азначыць такімі словамі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»