«Непажаданым» людзям адмаўляюць у працы


Палітычна матываваныя звальненні пачаліся пасля выбараў 2020 года, у 2021 годзе яны набылі небывалыя маштабы. Сёння, нягледзячы на кадравы голад, чысткі працягваюцца. Акрамя таго, на многіх прадпрыемствах Беларусі не бяруць на працу «непажаданых» людзей.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Удзел у маршах пратэсту, адміністратыўныя арышты і нават упадабайка ў сацсетках можа стаць прычынаю звальнення з любой пасады ў Беларусі. А каб уладкавацца на працу, неабходна быць «палітычна добранадзейным». Так, нашыя чытачы даслалі аб’яву аб пошуку кіроўцаў, размешчаную ў адным з аўтобусаў Магілёва. Апроч пасведчання кіроўцы будучым работнікам аўтобуснага парку нумар 1 трэба мець «чыстую гісторыю», то бок адсутнасць судзімасцяў і звальненняў з прычыны, цытата, «дыскрэдытоўных абставінаў». «Белсат» датэлефанаваўся да адміністрацыі аўтапарку і падрабязней распытаў пра гэтыя самыя абставіны.

– Цяпер ёсць такі крытэр, калі вы працуеце, мы абавязаны зрабіць запыт у вашу арганізацыю. І яны павінны даць па пэўных крытэрыях, якія выстаўленыя, характарыстыку. Усе арганізацыі аб ёй ведаюць.

– Добра, калі ў мяне было два разы па 15 сутак?

– Значыць, усё будзе паказана ў вашай характарыстыцы.

– І як, я змагу ўладкавацца да вас з гэтым на працу?

– Гэта будзе вырашаць ужо начальнік.

Праверку лаяльнасці не прайшоў і Мікалай. Яго звольнілі з Менскага трактарнага заводу за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах. Цяпер ён у Вільні, чакае, калі атрымае статус уцекача.

«26 кастрычніка забастоўку я зрабіў, і мяне звольнілі па артыкуле, незаконна. За прагулы: не болей трох гадзін», – кажа Мікалай.

На пытанне журналіста «А калі б вы ведалі, што такое адбудзецца, што будзе ціск і вы будзеце вымушаны зʼехаць, вы бы выхадзілі на гэтыя пратэсныя акцыі?» былы супрацоўнік МТЗ адказвае: – «Канечне. Я ніколі не баяўся і буду выходзіць».

Дактары, выкладчыкі ўніверсітэтаў, работнікі заводаў – нягледзячы на кадравы голад, улады не шкадуюць нават высокакваліфікаваных спецыялістаў. Палітычна матываваныя звальненні ідуць у разрэз з працоўным заканадаўствам, кажа наш эксперт.

«Ёсць артыкул 14 Працоўнага кодэксу, які прадугледжвае недапушчальнасць дыскрымінацыі чалавека, незалежна ад яго прыналежнасці або не прыналежнасці да палітычных партый, грамадскіх абʼяднанняў, прафсаюзаў», – лічыць галоўны прававы інспектар Свабоднага прафсаюзу металістаў Ігар Комлік.

Назваць дакладную колькасць людзей, якія зʼехалі з краіны ў пошуках новай працы, немагчыма. Рэпрэсіі ж толькі павялічваюць адток кадраў з Беларусі.

Наста Печанькова, «Белсат»