Улады пачалі рэгуляваць цэны на труны


Рэгулявалі кошты на харчы, цяпер прыйшоў час дзяржаўнага рэгулявання коштаў на труны. У некаторых рытуальных бюро кажуць, што трунаў не хапае, і што не паспяваюць хаваць усіх памерлых ад каронавіруса. Пахавальная статыстыка адрозніваецца ад афіцыйнай: рытуальныя агенты паведамляюць, што сёлета беларусы паміраюць у дзясяткі разоў часцей.

Менскі гарвыканкам вызначыў максімальныя тарыфы на рытуальныя паслугі. Так, перавозка цела каштуе не больш за 1,32 рублі за кіламетр, труна ў залежнасці ад аздобы да 51,22 рубля. Адпаведнае рашэнне сёння апублікавалі на Нацыянальным прававым партале. У сталічным рытуальным бюро нам распавялі пра нястачу трунаў: «Людзей няма ў чым хаваць. Вытворцы трунаў нам адмаўляюць, Не паспяваюць».

Паводле нашага суразмоўцы, апошнім часам рытуальныя агенцтвы не паспяваюць хаваць усіх памерлых падчас чарговай хвалі пандэміі, таму адмаўляюцца ад арганізацыі жалобных мерапрыемстваў.

«Вельмі сурʼёзная хваля. Летась яна была ў тры разы меншая, паступленняў у морг у сярэднім, у даковіднай сітуацыі ад 5 да 15 целаў на содні, у Менску цяпер ад 100 да двухсот на содні», – распавёў прадстаўнік рытуальнага агенцтва.

Паводле тэлеграм-каналу «Белыя халаты», за 2-3-га лістапада толькі ў дзвюх сталічных больніцах памерлі 15 пацыентаў. Афіцыйная статыстыка фіксуе не нашмат больш ахвяраў за дзень па ўсёй рэспубліцы. Гэтак, паводле Міністэрства аховы здароўя, за апошнія содні ў Беларусі на ковід захварэлі амаль дзве тысячы чалавек, памерлі ўсяго 17. А міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч адзначае, што захворванне на каронавірус пакуль не перавышае паказнікаў мінулай хвалі.

«Падкрэслю, што цяпер пацыенты больш цяжкія, іх больш складана весці ў стацыянарных умовах. Але гэтую хвалю мы крыху праходзім і выкарыстоўваем фразу кіраўніка дзяржавы пра асцярожны аптымізм. На сённяшнюю раніцу ў нас толькі два рэгіёны перавысілі ў захворванні сто працэнтаў ад мінулай хвалі: Менск і Менская вобласць», – завявіў Дзмітрый Піневіч.

Лічбаў міністр не назваў, аднак падкрэсліў, што гэта не адмяняе напружанай працы медыкаў і заклікаў да вакцынацыі і захавання сацыяльнай дыстанцыі. Тым часам праз напружаную працу медыкам дазволілі працаваць яшчэ больш. Набыла моц пастанова Міністэрства аховы здароўя, якая павялічвае дазволены ліміт звышурочнай працы для медыкаў удвая – да тысячы васьмісот гадзінаў на год.

«У плане зарплаты, мне здаецца, яна моцна не павысіцца. Бо нават у параўнанні з тым, што было ў самым пачатку, калі была першая, другая хваля, за каронавірус плацілі болей, чым плацяць цяпер. Хутчэй за ўсё, будзе так: працаваць будуць болей, а заробак атрымоўваць такі ж самы. Тое ж самае было, калі працавала я», – мяркуе былая медсястра Аляксандра Касько.

У пастанове міністэрства адзначаецца, што звышурочна медыкі могуць працаваць на ўласнае жаданне пасля ўзгаднення з афіцыйным прафсаюзам. Цяпер у краіне бракуе больш як шасці тысяч працаўнікоў у белых халатах. Некаторыя медыкі выехалі за мяжу, у тым ліку праз рэпрэсіі.

Антон Каменскі, «Белсат»