Рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці: заблакаваныя сайты НДА і содні за «экстрымізм»


Пад менскім ізалятарам правапарушальнікаў на Акрэсціна чарга людзей. Сваякі прыходзяць з надзеяй перадаць прадукты і рэчы сваім родным, якія адбываюць арышт. Аднак не ўпершыню – адміністрацыя адмаўляецца прымаць перадачы. Нібыта з прычыны каронавірусных захадаў бяспекі, паведамляе нашая крыніца. Адна з жаночых камераў, дзе трымаюць журналістку Ірыну Слаўнікаву, абвесціла галадоўку на знак пратэсту супраць неналежных умоваў утрымання і адбірання перадачаў.

Працягваюць ціснуць і на грамадзянскую супольнасць. Улады заблакавалі сайты ліквідаваных раней недзяржаўных арганізацыяў. Сёння з тэрыторыі Беларусі не даступныя рэсурсы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», «Перспектыва», Беларускага ПЭН-цэнтру, Саюзу беларускіх пісьменнікаў, «Экадому», Беларускага камітэту ICOMOS і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«Упершыню сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў заблакавалі ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. І 20 дзён мы заставаліся заблакаваныя без якіх-небудзь тлумачэнняў», – распавядае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

На гэты раз Міністэрства інфармацыі Беларусі даслала афіцыйны ліст. З яго вынікае, што сайтам «Экадому», ICOMOS і Беларускай асацыяцыі журналістаў абмежаваны доступ праз размяшчэнне на іх старонках забароненай, як лічаць чыноўнікі, інфармацыі, а дакладней, матэрыялаў «Белсату».

«Для нас як журналісцкай арганізацыі самацэнзура і выдаленне нейкіх матэрыялаў, у якіх мы ўпэўненыя, што няма экстрэмісцкага кантэнту ніякага, – вельмі балючае і сур’ёзнае пытанне. Таму мы да канца не вырашылі, ці пойдзем мы гэтым шляхам. Але ў любым выпадку ён хутчэй за ўсё не прывядзе да разблакавання», – падкрэслівае Барыс Гарэцкі.

Папоўніўся і спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Міністэрства інфармацыі ўключыла ў яго Facebook-суполку «Брест против строительства завода свинцовых АКБ». Грамадскую кампанію актывісты і жыхары Берасця распачалі яшчэ ў 2018 годзе. Летась пасля прэзідэнцкіх выбараў у найбольш актыўных чальцоў кампаніі ладзілі ператрусы, а блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, якія асвятлялі супраціў запуску прадпрыемства, асудзілі на 3 гады калоніі. Нібыта за арганізацыю групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.

«Дзеянні ўладаў, праваахоўных органаў папросту запужваюць людзей, і прызнанне экстрэмісцкай суполкі з гэтага ж шэрагу запужвання. Не толькі супраць акумулятарнага заводу, але і супраць сітуацыі ў краіне, рэпрэсій», – мяркуе праваабаронца Раман Кісляк.

Чарговыя содні атрымалі палітычныя зняволеныя Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і яе муж Сяргей Крупеніч з Менску. Гэта восьмы з серыі пратаколаў, што бесперапынна складаюць на маладзёнаў. Цяпер іх асудзілі за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі з заклікам да экстрэмісцкай дзейнасці. Агулам за кратамі Анастасія і Сяргей застаюцца больш за 100 дзён.

Марыля Дакуцька, «Белсат»