Лукашэнка і Пуцін падпісалі Дэкрэт аб інтэграцыйных намерах


Дакумент аб асноўных накірунках рэалізацыі палажэнняў Дамовы аб стварэнні Саюзнай Дзяржавы на бліжэйшыя 2 гады пры больш блізкім разглядзе аказаўся хутчэй дэкларацыяй аб намерах. Таксама сёння Пуцін і Лукашэнка ўхвалілі агульную стратэгію ў міграцыйнай палітыцы і новую вайсковую дактрыну.

«Калі вы не супраць, я падпішу Дэкрэт, але адказваць будзем усе, не толькі я», – заявіў Лукашэнка, падпісваючы Дакумент аб асноўных кірунках рэалізацыі палажэнняў Дамовы аб стварэнні Саюзнай Дзяржавы.

Пасля маўклівай паўзы ў роздумах пра адказнасць, канстатаваў:

«Ну, трохгадовая нашая вялікая праца склалася і мы яе фармалізавалі, як з прэзідэнтам Расеі і дамаўляліся раней».

Пад час онлайн паседжання Вышэйшага Дзяржсавету Саюзнай дзяржавы ўхвалілі таксама новую вайсковую дактрыну.

«Будаўніцтва Саюзнай Дзяржавы прадугледжвае не толькі ўзаемнае перапляценне эканомік, але каардынацыю і ў іншых галінах, уключаючы палітычную і абаронную, – заявіў Уладзімір Пуцін.

Адзінаю для краінаў абвешчаная міграцыйная палітыка, датычная ў тым ліку крызісу на заходняй мяжы. Кіраўнік Расеі падкрэсліў, што не дапусціць «умяшання ў справы нашых суверэнных дзяржаваў».

Лукашэнка даў дабро на рэалізацыю 28 саюзных праграмаў, званых дарожнымі картамі, змест якіх апублікаваны 2 месяцы таму. Дамоўлена, што бакі на працягу 2 гадоў маюць зблізіць і дапасаваць заканадаўства ва ўсіх абсалютна галінах жыцця Беларусі і Расеі.

«Гаворка будзе пра тое, што Беларусь у большасці ці суцэльна капіюе расейскія нормы ў большасці сацыяльна-эканамічных галінаў. Вядуцца ж перамовы і на збліжэнне ў гуманітарнай галіне, культурнай, адукацыйнай, што таксама вялізная пагроза беларускай бяспецы і суверэнітэту», – змушае задумацца палітолаг Андрэй Елісееў.

Затое знікае пагроза беларускаму палітычнаму рэжыму і выжыванню ягонай эканомікі пад час санкцыяў. Кіраўнік Крамля запэўніў, што Беларусь і Расея будуць мець адзіны рынак нафты, газу і электраэнергіі.Гарантам выканання інтэграцыйных дакументаў будзе дазаваная (толькі малымі кавалкамі) эканамічная дапамога з боку Расеі – лічыць палітолаг Андрэй Елісееў і нагадвае: падпісаныя карты – яшчэ трэба ратыфікаваць у Беларусі:

«На маю думку гэтая ратыфікацыя будзе адцягвацца, не будзе рэалізаваная да канца гэтага году. Яна будзе хіба што пасля правядзення рэферэндуму, узамен на прызнанне Крамлём новай Канстытуцыі Беларусі. То бок гэта такая некалькікрокавая здзелка паміж Лукашэнкам і Крамлём».

Адно палітычныя рызыкі – непараўнальныя… Адметна, што сёння ў Расеі святкуюць «Дзень адзінства». І перад падпісаннем інтэграцыйнага дэкрэту з Беларуссю Уладзімір Пуцін наведаў анексаваны ім Крым. Гэта выглядала сімвалічна для беларусаў, якія лічаць паглыбленую інтэграцыю – пагрозаю нашай незалежнасці. Гэтыя людзі ў большасці выступалі і супраць самога Лукашэнкі, і крытыкавалі распачатую ім працу над зменамі ў галоўны Закон краіны.Пад час сённяшняй канстытуцыйнай нарады Лукашэнка даў зразумець:

«Мы ўжо разагрэлі нашае грамадства і людзі ўжо чакаюць новую Канстытуцыю, хаця ёсць, зразумела, тыя людзі, якія прапаноўвалі, патрабавалі пераменаў, але сёння, я так разумею, ім ужо перамены і Канстытуцыя не патрэбная. Але мы ж не для іх робім Канстытуцыю».

На думку палітолага Андрэя Казакевіча, «робяць» для групы людзей, сапраўды зацікаўленых у зменах у Канстытуцыю Беларусі:

«Гэта невялікая частка дзяржапарату, пэўная частка бізнесу, звязаная з уладаю і іншыя людзі якія ўключаныя ў вышэйшыя эшалоны ўлады. Яны разумеюць што трэба думаць пра будучыню пасля Лукашэнка і захавання сваіх прывілеяваных пазіцый», – сказаў Казакевіч «Белсату».

Канстытуцыйны Рэферэндум мае адбыцца ў лютым наступнага году. Адметна, што кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, якая збіралася на пенсію, заявіла 4-га лістапада, што не супраць падвесці вынікі галасавання.

Юлія Цяльпук, «Белсат»