У Беларусі пачалі дзеяць новыя правілы бяспекі ў адукацыйных установах


Зрэшты, прынцыпова новага ў іх нічога няма – Міністэрства адукацыі ў сваёй пастанове толькі больш дэталёва прапісала і зацвердзіла тыя забароны, што існавалі раней. Затое, як выявілася, некаторыя пункты правілаў супярэчаць Лукашэнку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Новая пастанова Мінадукацыі ў асноўным легітымізуе ўжо існыя абмежаванні. Напрыклад, у дзіцячыя садкі бацькі змогуць прыходзіць толькі ў час працы ўстановаў. Прыносіць з сабою забараняецца жывёлін, буйнагабарытныя прадметы, у тым ліку санкі, ровары, самакаты.

Паводле дырэктаркі сярэдняй школы № 197 Вольгі Гузавай, усё гэта ўжо было раней:

«Правілы дзеюць ад мінулага году. Прапускная сістэма як была, гэтак і дзейнічае, нічога не змянілася».

«Самае дзіўнае ў гэтых правілах – абмежаванне доступу ў школу. Незразумела, наколькі гэта правамоцна, каб мне як маці абмяжоўвалі доступ да майго дзіцёнка. Школы сталі як ваенныя аб’екты. Улады сёння проста баяцца ўсяго і ўсіх», – лічыць экспертка Белсату Марына Хоміч.

Згодна дакументу, забараняецца прыцягваць навучэнцаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі да выканання работаў або аказання паслугаў, не прадугледжаных вучэбна-праграмнай дакументацыяй. То бок адправіць вучняў «на бульбу» адміністрацыя школы не мае права. Прынамсі, калі прытрымлівацца закону. У тым, што навучэнцы не ездзяць на сельгаспрацы, нас запэўнілі дырэктары адразу трох беларускіх школаў.

«Я працую ў Менску ўжо 30 год і ніхто нашых дзяцей з Менску нікуды не дасылаў на сельгаспрацы», – адзначыла дырэктарка менскай школы № 212 Вольга Касалапава.

Аляксандр Бацько, які ўзначальвае ваўкавыскую школу № 2, лічыць, што ўдзел у “бітве за ўраджай” будзе добраахвотным:

«Ніхто ніколі не збіраецца выклікаць – ніякая бульба, ніякія буракі. Калі ўсё гэта будзе нам аб’явяць. Ніхто нікога не прымушае. Гэта Аляксандр Рыгоравіч сказаў па тэлебачанні, а ў нас ніякага загаду няма».

Згодная з ім і дырэктарка жабінкаўскай школы Наталля Урбан: «Калі будуць афіцыйныя дакументы {на ўдзел у сельгаспрацах}, а так на сельгаспрацы ніхто даўно не адпраўляе.

Тым не менш, атрымліваецца, што пастанова супярэчыць словам таго, хто называе сябе кіраўніком Беларусі: «Мне даюць справаздачу, што ў нас у сярэдняй школе забаронена прыцягваць школьнікаў збіраць яблыкі, або, як мы раней там займаліся – бульба, бурак, лён. Большага дзікунства я і ўявіць не магу».

Што ж будзе з навучальным працэсам? Лукашэнку, відаць, гэта не хвалюе, лічыць эксперт Белсату Ігар Варакса: «На адукацыйны працэс гэта напэўна паўплывае. Усе праграмы разлічаныя на пэўную колькасць гадзін. Калі мы вырываем іх {дзяцей} з адукацыйнага працэсу – гэтыя ж гадзіны нікуды не дзенуцца, іх трэба неяк адпрацаваць. Ёсць цудоўны дакумент у якім забаронена выкарыстоўваць працу але з іншага боку ёсць рэчаіснасць, якая ўваходзіць у супярэчнасць з гэтым дакументам. Але я думаю гэта багата ў якіх сферах адбываецца».

Практыка прыцягнення школьнікаў да сельскагаспадарчых работаў раней была шырока распаўсюджаная ў сельскай мясцовасці. Але ў апошнія гады гэтага не было або, прынамсі, не насіла прымусовага характару. Відаць, у выніку трагедыі, што адбылася ў Маладзечанскім раёне восенню 2016-га. Тады на ўборцы бульбы пад коламі МАЗу загінула вучаніца 8-га класу. Вынікае, Лукашэнка гатовы зноў рызыкаваць жыццём маладых беларусаў дзеля эксплуатацыі іхнай працы.

Ян Федаровіч, «Белсат»