Франак Вячорка: «На так званым будзённым узроўні ўсе падтрымліваюць Беларусь»


На Форум у Варшаву сабраліся амаль паўтары тысячы ўдзельнікаў з усяго свету – першыя асобы дзяржаваў, міністры, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, а таксама NATO і Еўразвязу. Лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская правяла шэраг сустрэчаў. Старэйшы дарадца офісу Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка канстатаваў: на так званым будзённым узроўні ўсе падтрымліваюць Беларусь. Адносіны вельмі добрыя. «Але калі ісці на палітычны ўзровень, у адносінах з Украінай – мяняецца. Таму што зʼяўляюцца многія фактары. Зʼяўляецца фактар бяспекі. Украінцы вельмі асцярожную займаюць палітыку, каб не справакаваць удару з боку Беларусі, уваход беларускіх войскаў».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Святлана Ціханоўская пагаварыла з прадстаўніком Злучаных Штатаў Амерыкі ў АБСЕ Майклам Карпэнтэрам, прэмʼер-міністрам Польшчы Матэўшам Маравецкім і прэзідэнтам Анджэем Дудам, з былою кіраўніцай еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан і з амерыканскім сенатарам Крысам Мэрфі.

«Перш за ўсё неабходна патрабаваць, каб расейскае войска пайшло з нашай тэрыторыі. Трэба таксама працягваць палітычны і эканамічны ціск на Лукашэнку. Патрэбныя новыя санкцыі», – сказала Святлана Ціханоўская.

Са свайго боку, сенатар Мэрфі паабяцаў дапамогу на шляху да новай, дэмакратычнай Беларусі. Ён патлумачыў: «Размова пра яшчэ большае падтрыманне вашай грамадзянскай супольнасці. Мы павінны нарошчваць намаганні, улічваючы нестабільную сітуацыю ўва ўсім рэгіёне. І кожная з уведзеных санкцыяў цяпер ёсць ударам, што набліжае пералом».

З міністрам замежных справаў Харватыі Святлана Ціханоўская абмеркавала праграму рэабілітацыі дзяцей палітвязняў. Падобныя праграмы ўжо дзеяць з Італіяй і Нарвегіяй. Міністр Гордан Гырлыч-Радман запрасіў лідарку дэмакратычнай Беларусі ў Загрэб, каб яна сама распавяла харватам, што адбываецца ў нашай краіне і вакол яе. Але гэта не адзіны вынік сустрэчы.

«І дамовіліся пра санкцыі», – паведаміў Франак Вячорка.

«Каб у бліжэйшыя месяцы выпрацаваць такі пакет санкцыяў, каб ён біў па Лукашэнку. Мы гэта называем “двухбаковая палітыка”. З аднаго боку біць па Лукашэнку, з іншага боку – аказваць падтрымку грамадзянскай супольнасці. І міністр замежных справаў Харватыі сказаў, што яны цалкам падтрымліваюць гэта».

Франак Вячорка прызнаў, што на тле цяперашніх падзеяў ва Украіне ёсць пэўны негатыў у адносінах да беларусаў. Але, дадаў ён, ёсць пра што і размаўляць. Не на найвышэйшым палітычным узроўні. Для гэтага, на думку Вячоркі, – цяпер не самы спрыяльны час.

Марына Яновіч, «Белсат»