Ухвалена адзінагалосна


Хутка, без дыскусіяў і адзінагалосна. На распачатай 4 кастрычніка восеньскай сесіі палаты прадстаўнікоў яе чальцы зацвердзілі адразу 5 законапраектаў. Галоўны з іх – змены ў Канстытуцыю – прадугледжвае ўвядзенне адзінага дня галасавання і перанос мясцовых выбараў.

Шостая сесія Палаты прадстаўнікоў пачалася стаханаўскімі тэмпамі. За некалькі гадзінаў амаль адзінагалосна і без дыскусіяў дэпутаты ўхвалілі пяць законапраектаў і падтрымалі спыненне пагаднення аб рэадмісіі паміж Беларуссю і Еўразвязам.

«Няма парламенту! У тым якраз і ёсць праблема, і адсюль выцякаюць тыя наступствы, пра якія вы кажаце: і хуткастрэльнасць, і аператыўнасць, і адсутнасць думак. Гэта якраз і ёсць вынік таго, што ў Беларусі ёсць толькі парэшткі, руіны парламентарызму», – падкрэслівае прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька.

Законапраект аб зменах у Канстытуцыю прапанаваў асабіста Лукашэнка. Для рыхтавання дакументу ў Палаце прадстаўнікоў стварылі адмысловую камісію.

«Абмеркаванне з выбарнікамі праекту закону паказала, што абсалютная большасць беларускіх грамадзянаў падтрымлівае гэтыя змяненні», – заявіў старшыня адмысловай камісіі для рыхтавання законапраекту Валянцін Семяняка.

Праект прадугледжвае ўвядзенне адзінага дня галасавання для абрання дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Пры гэтым мясцовыя выбары з пачатку 2022-га года перанясуць на 2023 год. Законапраект аб зменах у Канстытуцыю ўхвалілі адразу абедзве палаты парламенту.

«Уся гэтая спешка з папраўкай у Канстытуцыю выкліканая тым, што ўладам было нязручна, каб у адным флаконе ішлі мясцовыя выбары і рэферэндум. Як ні трубяць наверсе вялікія начальнікі, што яны перамаглі, што ў іх усё пад кантролем. Насамрэч у іх такога адчування няма», – упэўнены палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

У першым чытанні ўхвалілі і чарговыя змены ў Крымінальны кодэкс. За заклікі да санкцыяў супраць беларускага рэжыму ўвядуць крымінальную адказнасць з пазбаўленнем волі да 12 гадоў. Ініцыятарам зменаў выступіў дэпутат Алег Белаконеў, які на мінулым тыдні заклікаў забіваць да 100 беларусаў за аднаго забітага кадэбэшніка.

«У нас тысячы людзей сядзяць у турмах і СІЗА і не разумеюць, чаму яны там. Пад іх знаходжанне там яны падводзяць многія артыкулы Крымінальнага кодэксу. Ці вырашыць гэта пытанне? Не! На сённяшні дзень, што б яны ні прымалі, для міжнароднай супольнасці і для будучыні Беларусі не мае ніякіх легітымных наступстваў!» – адзначыў Анатоль Лябедзька.

Сёння ж дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі ў другім чытанні законапраекты аб турызме і кампенсацыі банкаўскіх укладаў. А ў першым чытанні – праект закону ў пытаннях жывёльнага свету і геннай інжынерыі.

Ігар Станкевіч, «Белсат»