Распачаўся Нобэлеўскі тыдзень

У Швецыі і Нарвегіі распачаўся Нобэлеўскі тыдзень і ўжо прысудзілі першую прэмію. У галіне медыцыны. На гэтым тыдні ўганараваць прэміяй маюць навукоўцаў у галіне фізікі і хіміі, а таксама пісьменнікаў у сферы літаратуры. Лаўрэата прэміі міру абвесцяць у нарвежскім Осла ў пятніцу. І тут ёсць пэўная інтрыга для беларусаў. Адной з імаверных лаўрэатак нарвежскія эксперты называюць Святлану Ціханоўскую.

Нобэлеўскай прэміяй у галіне медыцыны і фізіялогіі за вывучэнне рэакцыяў арганізмаў на тэмпературу адзначылі навукоўцаў Дэйвіда Джульюса і Ардэма Патапутяна. Яны ў свой час адкрылі малекулы-рэцэптары, якія запускаюць біяхімічныя рэакцыі, што прыводзяць да адчуванняў цяпла, холаду ці дотыкаў.

Чалец нобэлеўскай асамблеі Патрык Эрнфош выказаўся пра даследаванне навукоўцаў так:

«Уявіце, што вы ідзяце басанож па полі летняй раніцай. Вы можаце адчуць цяпло сонца, прахалоду ранішняй расы, ласкавы летні ветрык і тонкую тэкстуру травы пад нагамі. Гэтыя ўражанні ад тэмпературы, дотыку і руху – пачуцці, заснаваныя на саматычных адчуваннях».

Заўтра таксама стане вядомы ўладальнік прэміі ў галіне фізікі, у сераду – хіміі, у чацвер – літаратуры. Лаўрэата прэміі міру, адной з самых прэстыжных узнагародаў у свеце, абвесцяць у нарвежскім Осла ў пятніцу. Прэтэндэнтаў на гэтую прэмію – 329, 95 з іх – арганізацыі. Крыніцы паведамляюць, што на Нобэлеўскую прэмію міру вылучаныя ў тым ліку былы працаўнік Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША Эдвард Сноўдэн, заснавальнік «Вікілікс» Джульян Асанж, экаактывістка Грэта Тунберг і лідарка беларускай дэмакратычнай супольнасці Святлана Ціханоўская. Паводле нарвежскіх экспертаў у Святланы Ціханоўскай вялікія шанцы быць уганараванай прэміяй міру сёлета.

Па словах Гэнрыка Урдала, дырэктара інстытуту даследавання міру, што ў Осла – другі кандыдат, які мае вялікія шанцы ў гэтым годзе, – Святлана Ціханоўская, лідар беларускай апазіцыі. Бо яна ўзначаліла масавы мірны пратэст супраць беларускага дыктатара.

Таксама на прэмію міру намінаваныя беларускі Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала.

Нобэлеўская прэмія 2021 года прадугледжвае ўзнагароджанне памерам 10 млн шведскіх кронаў, гэта каля $ 1,1 млн долараў. Цырымонія ўручэння Нобэлеўскай прэміі міру пакуль запланаваная на снежань, але канчатковае рашэнне аб яе правядзенні, улічваючы пандэмію каронавіруса, будзе прынятае ў сярэдзіне кастрычніка.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама