Лукашэнка пайшоў на эскалацыю міграцыйнага канфлікту з Еўразвязам


Паводле пагаднення аб рэадмісіі з Еўразвязам, Беларусь мелася прымаць назад сваіх грамадзянаў, а таксама замежнікаў, якія праз яе тэрыторыю незаконна траплялі ў краіны аб’яднанае Еўропы.

«Яно падрабязна прапісвае тыя прынцыпы, тую працэдуру «рэадмісія»: хто пакрывае выдаткі, у які тэрмін праходзіць рэадмісія, у дачыненні каго можа быць прымененая. І абавязкі як краіны, якая робіць запыт, так і той, да якой звяртаюцца», – распавядае Кірыл Кафанаў, праваабаронца з каманды «Human Constanta».

У рамках пагаднення існавала фінансаванне Беларусі краінамі Еўразвязу ў пытаннях стварэння памежнай матэрыяльна-тэхнічнай базы. Яшчэ раней, з 2001-га да 2012-га года, у межах праектаў на інтэграванае кіраванне межамі Беларусь атрымала каля 48-мі мільёнаў еўраў, з 2012 года – агулам каля 15-ці мільёнаў.

«Будзе скарачацца фінансавая дапамога, якую будзе атрымоўваць Рэспубліка Беларусь. Гэта дастаткова адчувальна, бо гэтыя грошы выкарыстоўваліся для рыхтавання і адкрыцця патэнцыйных установаў часовага перабывання мігрантаў, удасканалення матэрыяльна-тэхнічнага абсталявання на мяжы», – падкрэслівае праваабаронца.

Нягледзячы на тое, што беларускі рэжым сваё рашэнне аб прыпыненні пагаднення абгрунтоўвае якраз адмовай у фінансаванні, фактычна з лета Беларусь перастала выконваць дамову сама – не прымаючы мігрантаў назад на сваю тэрыторыю.

«Гэта пытанне бяспекі, пытанне разгойдвання ўсёй міжнароднай сістэмы. Бо як ні глядзі, але межы існуюць, міжнароднае права і стандарты існуюць. Тое, што Беларусь не збіраецца іх выконваць, не вызваляе яе ад абавязкаў», – тлумачыць палітолаг і выкладчык Інстытуту міжнародных стасункаў і палітычных навук Віціс Юрконіс.

Плынь жа мігрантаў з Іраку, Афганістану ды іншых краінаў Азіі і Афрыкі не спыняецца. Толькі за ўчора польскія, літоўскія і латвійскія памежнікі агулам зафіксавалі 494 спробы незаконнага пераходу мяжы з Беларусі. Гледачы «Белсату» дасылаюць фотаздымкі і відэа з мігрантамі з беларускіх гарадоў і памежных зонаў:

«Гэта ўжо памежная зона – Падлабенне. Чуў пра тое ж у раёне Брузгоў. Гэта фота, дзе таксіст прывёз наўпрост недалёка ад лецішча знаёмай адразу 6 чалавек».

Вядома, найбольш уразлівымі ў памежным канфлікце застаюцца мігранты, якія сталі вымушанымі закладнікамі рэжыму Лукашэнкі.

«Такая палітыка спальвае ўсе магчымыя масты, і гэтым набліжаецца канец беларускага рэжыму. Бо выжыванне ёсць толькі на адзіным аспекце – крамлёўскіх субсідыях. І мы таксама разумеем, што гэта не доўгатэрмінова», – зазначае літоўскі палітолаг.

Тым часам Памежная ахова Польшчы паведаміла пра чарговую правакацыю на мяжы з боку беларускіх службаў: польскія памежнікі знайшлі на мяжы ў Падляскім ваяводстве муляж выбуховага прыстасавання.

Марыля Дакуцька, «Белсат»