«Дасье Пандоры»: беларускі след


Сёння а 19:00 на «Белсаце» паказалі расследаванне ў межах «архіву Пандоры», прысвечанае афшорнаму бізнесу набліжаных да ўладаў бізнесоўцаў. Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру, якія робяць праграму «Давайце разбірацца» для нашага тэлеканалу, былі адзінымі ў Беларусі, хто ўдзельнічаў у шматмесячнай сакрэтнай працы міжнароднай каманды расследавальнікаў над гэтак званым архівам Пандоры. Цяпер расследаванне нашых калегаў можна знайсці і на ют’юб-канале «Белсату».

Больш за 330 палітыкаў і высокапастаўленых чыноўнікаў з больш як 90 краінаў і тэрыторыяў, у тым ліку 35 кіраўнікоў дзяржаваў. Лічбы, якія не могуць не ўражваць. Міжнародны кансорцыум журналісцкіх расследаванняў (ICIJ) апублікаваў глабальнае расследаванне таго, як палітыкі і бізнесоўцы літаральна па ўсім свеце выкарыстоўваюць афшорныя схемы, каб сысці ад падаткаў. У тым ліку ў дэмакратычных краінах.

«Мы даследавалі каля 12 мільёнаў дакументаў з 14-ці розных сэрвіс-правайдараў. Гаворка пра юрыдычныя фірмы, якія займаюцца стварэннем сакрэтных афшорных рахункаў у розных юрысдыкцыях», – распавядае дырэктар ICIJ Джэрар Райл.

У працы, якая вялася два гады ва ўмовах сакрэтнасці, узялі ўдзел больш за 600 журналістаў са 117-ці краінаў свету. Цікава, што сярод 150-ці медыйных партнёраў расследавання «дасье Пандоры» ёсць і «Белсат» – адзіны з беларускіх медыяў. Як толькі ў Панамскіх дакументах пачалі ўсплываць імёны ўплывовых асобаў з нашае краіны, кіраўнік літоўскага Цэнтру журналісцкіх расследаванняў «Siena» Шарунас Чарняўскас адразу ж звярнуўся па дапамогу да журналістаў Беларускага расследавальніцкага цэнтру, якія робяць на «Белсаце» праграму «Давайце разбірацца».

«Чаму Беларускі расследавальніцкі цэнтр і чаму Стась і Алесь Ярашэвічы? Бо мы ўжо працавалі і не аднойчы. Мы ўжо працавалі над гісторыямі, якія сталіся адным з матываў ужывання санкцыяў супраць Аляксея Алексіна і Аляксандра Зайцава», – тлумачыць Чарняўскас.

З 27-мі тысяч кампаніяў, выяўленых у «дасье Пандоры», 138 звязаныя з уласнікамі ў Беларусі. У тым ліку – топавымі чыноўнікамі. Адна з афшорных схемаў, раскрытая расследавальнікамі, тычыцца карупцыйнай схемы пад выглядам міждзяржаўнага супрацоўніцтва Беларусі і Зімбабвэ.

«Самае асноўнае і беспрэцэдэнтнае, што мы знайшлі, – гэта тое, што найвышэйшыя чыноўнікі Беларусі самыя заняліся прыкарытным бізнесам, застаючыся чыноўнікамі, і карыстаюцца дзяржаўнымі рычагамі, дзяржаўным апаратам і міждзяржаўнымі дамовамі, каб зарабляць сабе грошы на свае афшорныя кампаніі альбо сваіх сваякоў», – кажа кіраўнік беларускай групы расследавальнікаў Стась Івашкевіч.

Такія схемы, звяртае ўвагу кіраўнік беларускай групы расследавальнікаў Стась Івашкевіч, вядуць не толькі ў сям’ю Віктара Шэймана, але і яшчэ вышэй – да Віктара Лукашэнкі, старэйшага сына дыктатара.

«Выраз пра «Беларусь – «Mafia State» (мафіёзная краіна) – гэта быў выраз, здаецца, іспанскай пракуратуры ў нейкім зліве ўжо даўным-даўно. Але калі раней мы бачылі, што гэтыя сістэмы былі доўгатэрміновыя і заточаныя, каб стрыгчы пакрысе, то вось з 2018 года мы бачым нешта кшталту «ўрваць напаследак»!» – заўважае журналіст-расследавальнік.

Івашкевіч упэўнены, што гэткая змена ў апетытах высокапастаўленых беларускіх злодзеяў тлумачыцца тым, што рэжым Лукашэнкі цудоўна разумее, што яму засталося нядоўга. Цалкам расследаванне ўжо цяпер можна паглядзець на ютʼюб-канале «Белсату» ў плэйлісце «Давайце разбірацца».

Валера Руселік, «Белсат»