«Махавік пайшоў працаваць нястрымна». Улады знішчаюць НДА


Маглі дапамагчы тысячам, а можа, і мільёнам чалавек. Але не дапамогуць. Бо дапамогі патрабуюць самі. Сотні недзяржаўных арганізацыяў у Беларусі цяпер праходзяць працэдуру прымусовай ліквідацыі. Каля тысячы – закрытыя толькі за апошні год. Пад каток рэпрэсіяў трапілі праваабарончыя, дабрачынныя і культурна-асветніцкія аб’яднанні, экалагічныя, моладзевыя, сацыяльныя структуры… Спіс вялікі.

З часу абвяшчэння незалежнай Беларусі, з 1990 года, у краіне былі зарэгістраваныя больш за тры тысячы некамерцыйных недзяржаўных арганізацыяў і платформаў. Яны дзейнічалі там, дзе не давалі рады чыноўнікі.

Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка канстатаваў, што недзяржаўныя арганізацыі вырашалі праблемы і задачы, якія не можа ці не здольная на сябе ўзяць дзяржава. Яны дапамагалі і жывёлам, і прыродзе, і людзям, малаабароненым групам, у рэгіёнах. Гэта ўсе тыя, хто цяпер застаецца без падтрымкі. Бо знішчаючы жывое поле грамадскага сектару, дзяржава не здольная яго нічым замясціць.

Нягледзячы на бясспрэчны плён працы, некамерцыйныя і недзяржаўныя арганізацыі ўвесь час адчувалі на сабе ціск рэжыму. Але сапраўдны гром грымнуў летась 22-га ліпеня. У той дзень на нарадзе Аляксандр Лукашэнка абрынуўся на НДА ўсім цяжарам бязлітаснай дзяржаўнай машыны.

«І ўрад, і МЗС пабеглі за «дэмакратыяй» і пастваралі ў нас – і мы атрымалі пад дзве тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі. Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста?» – абураўся ён.

Так, гэта праўда: «проста» у Беларусі ніколі нічога не было. Яшчэ ў 2009 годзе незарэгістраваная Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў канстатавала пагаршэнне сітуацыі. Хаця з пункту гледжання законаў да праваабарончых, экалагічных і дабрачынных ініцыятываў прэтэнзіяў амаль не ўзнікала.

Экспертка ў галіне свабоды асацыяцыяў Вольга Смалянка падкрэсліла, што нават ад некамерцыйных структураў дзяржава атрымлівала грошы. Але і не только.

«Як любая юрыдычная асоба, некамерцыйныя арганізацыі – калі яны маюць супрацоўнікаў – яны адлічваюць сродкі, напрыклад, у фонд сацыяльнай абароны, у падатковую. Многія адлічвалі грашовыя сродкі з замежнай дапамогі ў выглядзе падатку. Але сэнс некамерцыйных арганізацыяў – у тым, што яны, у тым ліку, ствараюць прадукты і паслугі».

І часцей за ўсё ў такіх галінах, дзе няма бюджэтных грошай, бракуе людзей, а ў тых, хто ёсць, не стае матывацыі. Недзяржаўныя структуры бралі на сябе вялікую частку задачаў і паспяхова развязвалі іх. Тым не меней, толькі за апошнія 13 месяцаў у Беларусі 857 НДА спынілі дзейнасць. З іх 519 – ліквідаваныя судовымі рашэннямі, а астатнія 338 – закрыліся самі, бо проста немагчыма стала працаваць.

«Такога маштабу не было ні па колькасці НКА, якія ліквідавалі, ні па тых кірунках дзейнасці, якія ліквідаваліся. Махавік пайшоў працаваць нястрымна», – канстатавала Вольга Смалянка

Вынік атрымаўся заканамерны: грамадскія ініцыятывы перайшлі на падпольны рэжым функцыянавання. Некаторыя мусілі з’ехаць з Беларусі. Але не спынілі цалкам сваёй дзейнасці.

«Апошнім часам мы бачым, што грамадзянская супольнасць расце ў тых больш бяспечных сектарах, дзе менш увагі дзяржавы, – звярнуў увагу Вадзім Мажэйка. – І тое, што грамадская супольнасць шмат у чым сыходзіць у падполле, – канешне, вельмі дрэнна. Гэта зніжае магчымасць ангажаваць новых людзей. Але грамадзянскую супольнасць нельга знішчыць па рашэнні суда ці МУС, ці ГУБАЗіКу – так гэта проста не працуе».

Вадзім Мажэйка адзначыў, што нават за мяжою беларускія грамадскія актывісты імгненна зарыентаваліся, пачалі групавацца, ствараць новыя кантакты, пераймаць досвед іншых краінаў. Гэта вельмі прыдасца ў новай, вольнай Беларусі.

Марына Яновіч, Белсат