За што ў Беларусі могуць пазбавіць пенсіі?


Забарона стачак, звальненне за «содні», а цяпер і ўвогуле пазбаўленне пенсіяў за асаблівыя заслугі. Саўмін ужо прыняў адпаведную пастанову. Пенсіі забяруць у тых, хто, цытата, «прынёс шкоду дзяржаўным інтарэсам, нацыянальнай бяспецы».

«Тое, што вы сёння адбіраеце – вы адбіраеце, прабачце, за што? Прадукт вы атрымалі – заплаціце за гэты прадукт. Вы ж самі кажаце: за ўсё трэба плаціць – дык плаціце. Вынік атрымалі, пагрэліся ў праменях славы, то трэба аплаціць, прабачце», – абураецца лідарка спецыяльнай грамадскай групы «Наше поколение» Таццяна Зялко.

Гэткія выплаты прызначаюцца героям Беларусі; уладальнікам ардэнаў Бацькаўшчыны і «За службу Радзіме»; жанчынам, якія нарадзілі і выхавалі 9 і болей дзяцей і маюць ордэн Маці. А таксама экс-чыноўнікам і старшыням аблвыканкамаў, былому мэру Менску, чальцам ураду, пераможцам і прызёрам Алімпійскіх, Паралімпійскіх, Дэфлімпійскіх гульняў, чэмпіёнам свету і Еўропы.

Спецыялізаваная грамадская група «Наше поколение», якую ўзначальвае Таццяна Зялко рыхтуе адказ на дзеянні чыноўнікаў.

«Тут жа ў нас менш чым праз месяц будзе Дзень пажылых людзей. І, як правіла, у гэты дзень мы пішам і лісты, і звароты да нашых «дзяржаўных дзеячаў». Але я гэтак у двукоссі называю, бо дзеячы, ды яшчэ і дзяржаўныя, гэта далёка не тыя, хто працуе дзеля людзей. І пішам, і атрымліваем адпіскі, тут шмат усяго», – кажа Таццяна Зялко.

Пастанову ўжо прыняў Саўмін. Яна набывае моц з сённяшняга дня.

Надзея Бельская, «Белсат»