«Беларусь-мабіль» і рытуалы лукашыстаў

Грамадзяне, будзьце ўважлівымі. У прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі новы рытуал – аўтапрабег за зернем. Ад пятніцы да 15-га верасня людзі ў чорнай вопратцы з надпісам «Патриоты Беларуси» плануюць аб’ехаць усе райцэнтры, дзе пройдуць чырвона-зялёныя мітынгі з удзелам чыноўнікаў, піянераў, ветэранаў і сілавікоў. Напрыклад, працаўнікі Следчага Камітэту.

Сімвалам адзінства праўладная арганізацыя выбрала зерне. Аўтакалона, якую ўзначальвае «Беларусь-мобиль», у кожным з гарадоў атрымае мяшочак збожжа, з якога ў Менску мусяць спекчы каравай.

Для каго будзе той каравай, пакуль не кажуць.

«Усе дыктатуры заснаваныя на сімуляцыі народнай падтрымкі дыктатару, і своеасаблівай сувязі між народнымі масамі, і персонай самога дыктатара. І таму ўсе аўтарытарныя і таталітарныя ўлады выкарыстоўваюць рытуалы, куды ўцягваюць масы людзей для ўдзелу ў рытуалах. Асноўнай функцыяй рытуалаў зʼяўляецца дэманстрацыя лаяльнасці, падтрымкі народам абранага курсу, ці асобы важдзя, дыктатара, лідара нацыі», – тлумачыць аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Гэты чырвона-зялёны аўтапрабег – не адзіны праўладны рытуал. Цяпер у некаторых школах ад вучняў патрабуюць прыходзіць у 7-50, каб перад заняткамі заспяваць дзяржаўны гімн. Дый вучэбны год месцамі пачалі з прапаганды моцнай дзяржаўнасці.

Гэта барацьба за стабільнасць улады, якой мала адных сілавых метадаў, тлумачыць палітолаг Сяргей Нікалюк:

«Мы памятаем, як з лета мінулага года пачалася «вайна сімвалаў», у тым ліку нечакана для ўлады раптам у Беларусі ў гарадах на будынках, на асфальце зʼявіліся бел-чырвона-белыя сімвалы».

Бел-чырвона-белы – нацыянальны сцяг Беларусі. Быў сцягам першай спробы нашае дзяржаўнасці – абвешчанай у 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі, меў статус дзяржаўнага сімвала з 1991 па 1995, а летась сталь сімвалам жадання пераменаў. Тады беларускае грамадства адмовілася падпарадкоўвацца, цярпець гвалт, удзельнічаць у традыцыйных рытуалах улады, кажа Андрэй Ягораў. Таму цяпер сістэма спрабуе максімальна пазначыць тэрыторыю ў свае колеры, а заадно знішчыць усе бел-чырвона-белыя спалучэнні.

«Натуральна, што яны не адчуваюць гэтай перамогі, і хутчэй за ўсё, яны ведаюць, што гэтай перамогі няма, што людзі не падтрымліваюць іх, і народную любоў яны сабе не вярнулі. Яны могуць гэта ведаць з сацыялагічных дадзеных, проста з інфармацыі ідэолагаў з месцаў», – кажа аналітык.

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады 27 гадоў таму, абапіраючыся на чалавека савецкага, тлумачыць Сяргей Нікалюк. І хоча гэтага чалавека захаваць – паслухмянага, гатовага ўдзельнічаць у парадах перадавікоў, суботніках, лінейках і мітынгах.

Але і тады, і цяпер ёсць такая рэч, як дваедумства.

«Я, як чалавек, які амаль 20 гадоў прапрацаваў на савецкім прадпрыемстве, памятаю гэтыя суботнікі. Гэты быў чыстай вады фармалізм. Дык усё савецкае жыццё было фармалізмам. Мы казалі адно, а думалі зусім іншае. І адна справа – размаўляць на кухні, іншая – на трыбуне», – прыгадвае Сяргей Нікалюк.

І Андрэй Ягораў, і Сяргей Нікалюк нагадваюць, што яшчэ з тых часоў ёсць рэцэпт негвалтоўнага супраціву навязаным праўладным рытуалам. Для шараговых грамадзянаў – не ўдзельнічаць, прагуляць, захварэць. Для чыноўнікаў узроўню настаўнікаў – не праяўляць ініцыятывы і энтузіязму ў выкананні. І для ўсіх разам – высмейваць абавязалаўку, даводзіць яе да абсурду.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама