Запарожская АЭС «цалкам выйшла з-пад кантролю»


Акупаваная расейскімі вайскоўцамі Запарожская атамная станцыя працягвае пагражаць Еўропе трагедыяй, падобнай да катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Кіраўнік МАгАтЭ Рафаэль Гросі заявіў, што станцыя «цалкам выйшла з-пад кантролю». Ядравая служба ААН, якая з пачатку вайны так і не здолела трапіць на тэрыторыю рэактара, б’е ў званы: на Запарожскай АЭС парушаныя ўсе прынцыпы ядравай бяспекі, сітуацыя з кожным днём усё больш небяспечная. Расейскі бок тым часам паспяхова выкарыстоўвае электрастанцыю ў тактыцы вайны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Кіраўнік Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі Рафаэль Гросі заявіў, што Запарожская АЭС «цалкам выйшла з-пад кантролю». Некалькі месяцаў каманда МАгАтЭ спрабуе атрымаць доступ да станцыі ды чарговы раз заклікае ўлады Украіны і Расеі дапусціць туды экспертаў агенцтва, каб пазбегнуць магчымай аварыі.

«Гэта пастаянныя высілкі. І я зноў спрабую сабраць місію, каб накіравацца туды, як толькі змагу», – кажа Рафаэль Гросі.

Бяспека Запарожскай АЭС, найбуйнейшай атамнай электрастанцыі ў Еўропе, апынулася пад пагрозай ужо ў ноч акупацыі – 4 сакавіка. Расейскія вайскоўцы з цяжкаю тэхнікай увайшлі на яе прамысловую пляцоўку і ўзялі кантроль над абʼектам, дзе нават работнікі маюць доступ не да ўсіх памяшканняў. З таго часу дакладнай інфармацыі, што там адбываецца, няма.

«Сітуацыя вельмі нестабільная. Кожны прынцып ядравай бяспекі тым ці іншым чынам быў парушаны», – працягвае Гросі.

Не ўсе ва Украіне, напрыклад, міністр энергетыкі Герман Галушчанка, ухваляюць магчымую місію МАгАтЭ: маўляў, гэта легітымізуе расейскую прысутнасць на тэрыторыі станцыі. Масква ж проста не зацікаўленая ў наведанні АЭС міжнароднымі арганізацыямі, але стварэнне перашкодаў для місіі МАгАтЭ адмаўляе, а ў крызісе вінаваціць украінскі бок і ААН.

Прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава казала на брыфінгу: «Колькі будзе працягвацца гэтае самавольства? Як вядома, непрыглядную ролю ў гэтай гісторыі адыграў сакратарыят Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў, які з палітычных матываў перашкодзіў ініцыятыве гендырэктара МАгАтЭ».

Паводле Марыі Захаравай, Расея нібыта «працягне рабіць усё, што ад яе залежыць, для запэўнівання ядравай і фізічнай бяспекі на Запарожскай АЭС» і «даваць максімальна поўную карціну таго, што адбываецца». Аднак онлайн-маніторынг з моманту акупацыі неаднаразова губляўся, а справаздачы самой станцыі – напрыклад, пасля запуску шостага энергаблоку – могуць быць непраўдзівыя.

«Дзяржаўны незалежны кантроль, нагляд за ядраваю бяспекай у асобе “Дзяржатамрэгулявання” страчаны з ночы акупацыі, таму складана сказаць, што даслала станцыя, ці ўсё гэта праўда, ці не пад ціскам яна пісала», – ацэньвае экспертка ў атамнай энергетыцы Вольга Кашарная.

Сёння экспертам невядома, ці захаваўся ядравы матэрыял на АЭС, як праводзіцца яго ўлік і кантроль, ці цэлыя пломбы, якія ўстанаўліваюцца МАгАтЭ пры яго перамяшчэнні. Але што яшчэ больш непрадказальна – гэта магчымыя памылкі персаналу, якія робяцца прычынаю збояў у 70 % выпадкаў.

«Калі фактычна семʼі ў закладніках у гэтага персаналу, калі самі яны пад рулямі аўтаматаў, калі вайскоўцы заходзяць у кабінет дырэктара і пагражаюць аўтаматам, калі ёсць выпадкі знікнення работнікаў ЗАЭС – да ста чалавек, калі памёр ад катаванняў вадалаз…» – працягвае Вольга Кашарная.

Акупацыю Запарожскай АЭС расейскі бок выкарыстоўвае як козыр і нагоду шантажаваць не толькі Украіну, але і Еўропу.

Паўло Лакійчук з Цэнтру глабалістыкі «Стратэгія XXI» кажа, што «расейскі бок выкарыстоўвае Запарожскую АЭС у ваенных мэтах з самага пачатку, калі кадыраўцы захапілі электрастанцыю і размясціліся ў службовых памяшканнях, нават у энергаблоках».

Амерыканскае таварыства ядравай энергетыкі ў сваю чаргу асудзіла выкарыстанне Расеяй Запарожскай атамнай электрастанцыі ў якасці шчыта для сваіх ваенных аперацыяў.

«Расея захапіла ядравы абʼект, размяшчае на ім тэхніку і асабовы склад, разумеючы, што супрацьлеглы бок не будзе прымяняць зброі па ядравым абʼекце», – працягвае Паўло Лакійчук.

Не кажучы пра тое, што АЭС у зоне баявых дзеянняў ужо сама па сабе ёсць пагрозаю.

Паводле Вольгі Кашарнай на выбухоўку, якую нясуць крылатыя ракеты, станцыя не праектавалася: «Таму Расея трымае ўсіх у страху, бо траплянне такой ракеты або абстрэл рэактарнага аддзялення пагражае выхадам радыеактыўнасці – сурʼёзнай. І тады дастанецца ўсім – і еўрапейскім краінам, і самой Расеі, і Крыму, і Украіне, і Беларусі».

МАгАтЭ надалей спрабуе атрымаць доступ да ядравага абʼекту.

Ірэна Кацяловіч, «Белсат»