Павераны ў справах Беларусі ў Варшаве ўцёк ад журналістаў


Не толькі беларускія журналісты і праваабаронцы. Перадусім Польшча патрабуе неадкладна вызваліць Ірыну Слаўнікаву – супрацоўніцу Польскага тэлебачання. Журналістку, якая раней працавала на «Белсаце» і якая ўчора пачула жорсткі прысуд – 5 гадоў зняволення паводле палітычна матываваных абвінавачанняў. Як у свеце рэагуюць на бязладдзе лукашэнкаўскага рэжыму?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пакуль што без каментароў», – спыніў журналістаў павераны ў справах Беларусі ў Варшаве Аляксандр Часноўскі, які прыехаў у МЗС Польшчы на патрабаванне міністра Збігнева Раў. Ішлося пра асуджаную ў Гомлі на пяць гадоў журналістку Ірыну Слаўнікаву.

«Акрамя нашай выразнай пазіцыі адносна парушэння правоў журналістаў на тэрыторыі Беларусі, закранем у павераным тэму далейшага пераследу прадстаўнікоў “Саюзу палякаў Беларусі” і перш за ўсё журналіста Анджэя Пачобута, які знаходзіцца ў няволі», – паведаміў Лукаш Ясіна, прэс-сакратар МЗС Польшчы.

Зрабіць рашучыя захады пасля весткі аб прысудзе даручыў прэм’ер Польшчы Матэўш Маравецкі:

«Прысуд рэжыму Лукашэнкі журналістцы Ірыне Слаўнікавай зʼяўляецца абсалютным бязладдзем, парушэннем усіх цывілізацыйных нормаў, правоў чалавека і журналісцкіх стандартаў. Гэтае непрымальнае рашэнне сустрэне неадкладную, рашучую рэакцыю польскага грамадства на міжнародным узроўні».

Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала заяву-пратэст у звязку з расправаю над Ірынаю Слаўнікаваю. Далучылася да яго Еўрапейская федэрацыя журналістаў – галоўнае прафесійнае абʼяднанне ў Еўропе, якое рэгулярна праводзіць інфармацыйныя кампаніі на беларускую тэму. Не застаюцца ўбаку «Эмнэсці інтэрнэшнал» і «Рэпарцёры без межаў».

«З іншага боку абсалютна не можам сказаць, што гэтыя заявы дазволяць сёння-заўтра вызваліць калегаў. Гэта хутчэй заклік журналісцкай супольнасці ў бок сусветных актараў, цэнтраў прыняцця рашэнняў і вельмі важна, каб у сусветнай супольнасці праблема з беларускімі журналістамі гучала», – патлумачыў Барыс Грэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Пяць гадоў – ужо чарговы працяглы тэрмін журналісту за працу ў навінах, не гледзячы на тое, што калегаў арыштоўваюць і кідаюць за краты. Аасабліва калі выданне еўрапейскае, як TVP – польскі тэлеканал, супрацоўніцай якога была Ірына. У ліпені восем гадоў і тры месяцы ў сукупнасці прысудзілі ўжо пазбаўленай волі журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай. У чэрвені шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму далі Андрэю Кузнечыку з радыё «Свабода».

Аналітык Цэнтру доследаў Еўрапейскай палітыкі Майкл Эмэрсан упэўнены, што палітыкі адкажуць беларускаму дыктатару на чарговы прысуд супраць свабоды слова.

«На жаль, такія паводзіны рэпрэсіўнага дыктатара цалкам для яго лагічныя. Каб заставацца пры ўладзе, ён вымушаны ціснуць на незалежныя медыі, наагул на носьбітаў любой альтэрнатыўнай думкі. Калі Пуцін паваліцца з трону, са свайго трончыку паваліцца і Лукашэнка», – перакананы Эмэрсан.

Але пакуль абодва палітыкі застаюцца пры пасадах, а іхныя службоўцы пазбягаюць нязручных пытанняў. Як у выпадку з павераным у справах Беларусі ў Варшаве, які зачыніў дзверы аўта і памчаўся ў амбасаду.

Юлія Цяльпук, «Белсат»