Аляксей Колчын: «Палітвязні збольшага ўтрымліваюцца ва ўмовах, якія можна расцаніць, як катаванні»


Сёння ў розных краінах свету адзначаюць Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Адзначаюць, як і штогод, у памяць пра тых, хто стаў палітвязнем, абараняючы грамадскія правы і свабоды. Сёлета – вельмі цяжкі час быць праваабаронцам, журналістам ды агулам удзельнікам грамадскай дзейнасці ў Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

https://youtu.be/wngsMpHEhPQ?t=324

У літоўскай сталіцы насупраць амбасады Беларусі сабраліся людзі ў масках. На іх выявы твараў беларускіх праваабаронцаў цэнтру «Вясна», якія цяпер за кратамі за сваю дзейнасць. Пад маскамі – калегі-праваабаронцы.

«7 зняволеных “вясноўцаў” гэта мае калегі і каляжанкі, з якімі мы доўга працавалі на карысць правоў чалавека ў Беларусі», – кажа праваабаронца «Вясны» Дар’я Рублеўская.

Зняволеныя праваабаронцы – гэта Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк. І кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі. Іх абвінавачваюць у арганізацыі грубага парушэння грамадскага парадку, у масавых беспарадках, у распальванні варожасці ды ўдзеле ў злачыннай арганізацыі.

«Пра іх трэба нагадваць пастаянна, каб яны былі ў топах навінаў, пра тое, што гэтыя людзі сядзяць несправядліва», – перакананы праваабаронца Ігар Казмярчак.

Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі быў заснаваны 4 жніўня 2011 года, калі затрымалі Алеся Бяляцкага. Гэта быў пачатак маштабнага пераследу праваабаронцаў.

«Сёння 2022 год, і гісторыя не толькі паўтарылася. Маштабы рэпрэсіяў закранулі і “Вясну”, і ўсю грамадзянскую супольнасць у разы», – нагадвае праваабаронца «Вясны» Дыяна Пінчук.

«Нашыя сябры нічым не адрозніваюцца ад іншых палітвязняў. І палітвязні збольшага ўтрымліваюцца ва ўмовах, якія можна расцаніць, як катаванні», – падкрэслівае праваабаронца Аляксей Колчын.

Таксама 4 жніўня – роўна год з моманту, калі за краты кінулі нашага калегу, філосафа, метадолага і тэлевядоўцу Уладзіміра Мацкевіча. Яго асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта экстрэмізм, грубае парушэнне парадку і абразу Лукашэнкі.

Таксама зараз за кратамі каля 30 беларускіх журналістаў і працаўнікоў рэдакцыяў.

«Безумоўна, гэта палітычна матываваны пераслед журналістаў і іншых супрацоўнікаў медыяў, якія зараз за кратамі за сваю працу. Некаторыя чакаюць прысуду, некаторыя ўжо асуджаныя», – нагадвае намеснік старшыні Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Алег Агееў.

Артыкулы розныя, і не заўжды звязаныя з журналісцкай дзейнасцю. Дар’ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву асудзілі на 2 гады калоніі за вядзенне жывога рэпартажу з жорсткага разгону пратэстаў у Менску – і потым Кацярыну асудзілі на 8 гадоў за нібыта здраду дзяржаве.

Гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут чакае суда за нібыта распальванне варожасці – бо Андрэй узгадаў падзел Польшчы савецкімі і нямецкімі войскамі ў 1939-м годзе. І гэтыя рэпрэсіі пачаліся не ў 2020-м годзе.

«Не было часу, каб за цэлы год не было палітычна матываванага пераследу ў тым ці іншым выглядзе адносна беларускіх журналістаў», – кажа прадстаўнік БАЖ.

Як адзначае Алег Агееў, рэпрэсіі адносна журналістаў не спыняцца, пакуль не зменіцца палітычны рэжым. Бо таталітарным дзяржавам трэба поўная манаполія інфармацыйнай прасторы, дзе працуюць толькі дзяржаўныя СМІ.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»