Закрыты суд над Калеснікавай і Знакам


І праз краты – чароўная ўсмешка Марыі Калеснікавай, знак, які палюбілі мільёны беларусаў (сардэчка) ды Максім Знак. Пачаўся суд над чальцамі Прэзідыуму Каардынацыйнае рады.

«Яны выехалі з СІЗА вельмі рана, а дзявятай ужо былі тут. Прайшлі масу вобшукаў. Адзін у СІЗА – там цалкам абсалютна, другі – у канвоі, пасля тут. Везлі ў кайданках, цяпер яны без», – распавяла Надзея Знак, жонка і адвакатка Максіма Знака.

Без кайданкаў, затое, як небяспечныя злачынцы – у клетцы. Ім забараняюць размаўляць не толькі з журналістамі, але нават і паміж сабой. На суд не пусцілі ні паплечнікаў, ні нават сваякоў Марыі і Максіма.Тата Марыі прынёс для адвакатак і для дачкі ружы – паводле заканадаўства перад судом родныя могуць пабачыць падсудных. Але пабачыць яе змог толькі на відэа.

«Чалавек на ахове зрабіў адзін званок, дзе на іншым канцы яму сказалі: «Так, мы сваякоў не пускаем». Я хачу нагадаць, што Аляксандр Паўлавіч не атрымаў за ўвесь час ніводнага спаткання з Марыяй. Ужо амаль год ён не бачыў сваю дачку», – кажа Глеб Германчук, прэс-сакратар штабу Бабарыкі.

Паседжанне праходзіць у закрытым рэжыме, нягледзячы на тое, што судзяць публічных асобаў, і грамадства хацела б ведаць, у чым менавіта абвінавачваюць Калеснікаву і Знака.

«Ніякіх доказаў здзяйснення дзеянняў па тых артыкулах, у якіх абвінавачваюцца Максім і Марыя, проста не можа быць, таму што яны гэтых дзеянняў проста не здзяйснялі. Адпаведна ад нас спрабуюць хаваць тое, што фактычна будзе выносіцца абсалютна неправасудны прысуд», – кажа былы адвакат Максіма Знака Сяргей Зікрацкі.

Іх абвінавачваюць паводле трох крымінальных артыкулаў:

– у публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК);

– у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК);

– у стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве ім (ч. 1 арт. 361-1 КК).

Знаку і Калеснікавай пагражае да 12-ці гадоў турмы.

«Як асобаў, якія заклікалі да правядзення выбараў, можна абвінаваціць у захопе ўлады? Таму што выбары – гэта абсалютна легальны інструмент, і гэта ніяк не можа асацыявацца з захопам улады. Дыялог – гэта абсалютна нармальны працэс, які вядуць ва ўсіх дэмакратычных краінах, які вядуць дзеля таго, каб абмяркоўваць тыя пытанні, якія ёсць у грамадстве. Таму відавочна, што заклікі да дыялогу і правядзення выбараў не могуць разглядацца як захоп улады», – кажа кажа Сяргей Зікрацкі.

Выказванні Максіма Знака і Марыі Калеснікавай былі публічнымі і кожны ахвочы можа пераканацца, ці супярэчылі яны нацыянальным інтарэсам Беларусі.

У справе Максіма Знака і Марыі Калеснікавай толькі апраўдальны вырак можа быць правільны, любы абвінаваўчы будзе не законным і неправасудным, – кажа адвакат Сяргей Зікрацкі. Але на законнасць дзеянняў уладаў разлічваць не даводзіцца, мяркуе сястра Марыі Калеснікавай Марына Хоміч:

«Прысуд будзе суворым, хутчэй за ўсё, ён будзе максімальным. Улады распраўляюцца самым жорсткім, суворым чынам са сваімі галоўнымі апанентамі, а з іншага боку, чым большыя тэрміны, чым больш жорсткія выракі, тым больш гэта кажа пра тое, што ўлада слабая».

Марыю Калеснікаву і Максіма Знака затрымалі летась на пачатку верасня. Марыю паспрабавалі вывезці з Беларусі ва Украіну, але яна парвала пашпарт. Чальцы штабу Віктара Бабарыкі і сябры Прэзідыуму Каардынацыйнай рады правялі за кратамі 330 дзён.

belsat.eu