Святлана Ціханоўская падвяла вынікі візіту ў Вялікую Брытанію


Заручыўшыся моцным падтрыманнем, Святлана Ціханоўская пакідае Лондан. Вялікая Брытанія сталася апошняй краінай у дыпламатычным турнэ дэмакратычнай лідаркі. Падчас візіту на выспу Ціханоўскую прымаў брытанскі прэм’ер-міністр Борыс Джонсан.

«27 гадоў беларуская дыпламатыя была замарожаная, але цяпер мы аднаўляем парушаныя сувязі. Я пэўная, нашая сустрэча – гэта толькі пачатак супольнай працы Беларусі і Вялікай Брытаніі», – сказала Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з Борысам Джонсанам.

Падчас сустрэчы гаворка ішла пра падтрыманне незалежных медыяў, нашай дыяспары ў Брытаніі, пра ўвагу да беларускага пытання ў міжнародных арганізацыях.

«Мы цалкам на вашым баку, мы вельмі падтрымліваем тое, што вы робіце. Прыемна бачыць вас», – выказаў падтрыманне прэмʼер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан.

«Ён вельмі шчыра цікавіўся тым, што адбываецца ў Беларусі, як Ціханоўская бачыць вырашэнне сітуацыі. Ён, а таксама міністр Домінік Рааб выказалі зацікаўленасць у канферэнцыі высокага ўзроўню, якая мелася быць пачаткам вырашэння крызісу, і паабяцаў уздымаць беларускае пытанне на ўсіх міжнародных форумах, канферэнцыях, івентах. У прыватнасці, Вялікая сямёрка, Вялікая дваццатка, АБСЕ, ААН, Рада Бяспекі ў тым ліку», – распавёў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Падтрыманне недзяржаўных арганізацыяў, запуск беларускай службы ВВС ці павелічэнне беларускага кантэнту ў цяперашняй – такія пытанні падчас сустрэчы з міністрам МЗС Брытаніі ўзняла Святлана Ціханоўская. А таксама закранула тэму бесперапынных катаванняў і забойстваў апанентаў рэжыму, апошняй ахвярай якога напярэдадні стаў кіраўнік Беларускага дому ва Украіне Віталь Шышоў.

І хоць візіт у Вялікую Брытанію пачаўся толькі ўчора, пэўныя вынікі ўжо ёсць. Афіцыйная пацверджаная пазіцыя мясцовага парламенту наступная: краіна ўтрая павялічвае фінансавае падтрыманне беларускай грамадскасці. Акрамя таго, Брытанія абʼядноўвае сілы з ЗША, Францыяй, Канадай і Еўразвязам і рыхтуе пяты пакет санкцыяў.

«Гэта пытанне тыдняў», – запэўнівае дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

«Увага медыяў да Беларусі, да візіту Святланы Ціханоўскай ашаламляльная. Яна большая, чым у многіх іншых еўрапейскіх краінах. Пасля сустрэчы з дыяспарай дзясяткі топавых выданняў акружылі Ціханоўскую і ўжо некалькі дзён працягваецца нон-стоп асвятленне. Беларусь у топе навінаў».

І традыцыйна не абышлося без сустрэчы Святланы Ціханоўскай з суайчыннікамі. Як неаднойчы запэўнівала лідарка дэмакратычнай Беларусі, гэта заўсёды вельмі важна і каштоўна – адчуваць нашае нацыянальнае адзінства, – падсумаваў Франак Вячорка.

Надзея Бельская, «Белсат»