Новыя затрыманні, цяпер – навукоўцы


Ад хуліганства да захоўвання наркотыкаў і ад паклёпу да знішчэння маёмасці – ажно 17 артыкулаў Крымінальнага кодэксу працаўнікі КДБ паказалі Уладзіславу Вялічку ў пастанове на ператрус. Пра тое, што старшыню міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь» затрымалі, паведаміла ў «Фэйсбуку» ягоная жонка Алена Вялічка:

«Сёння а 8:10 да нас прыйшлі (прыехалі і пераскочылі цераз плот) людзі з КДБ і ўчынілі ператрус па ўсім доме. Майго мужа Улада Вялічку забралі, і ўсю ягоную тэхніку. Ператрус працягваўся дзве гадзіны».

Сёння ж у Менску затрымалі метадолага і філосафа Уладзіміра Мацкевіча, заснавальніка «Лятучага ўніверсітэту». Паводле папярэдняй інфармацыі, супрацоўнікі КДБ таксама правялі ў ягоным доме ператрус. Затрыманая і сацыёлаг ды куратарка «Лятучага ўніверсітэту» Таццяна Вадалажская – на 10 содняў у межах крымінальнай справы. Цяпер яна знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна ў Менску.

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў называе дзеянні ўлады сектаральнымі затрыманнямі ў адказ на сектаральныя санкцыі Захаду, і адзначае, што такім чынам улада спрабуе пераканаць сябе ў сваёй перамозе.

«Але тое, што адбываюцца рэпрэсіі, даказвае, што яна адчувае, што не перамагла, адчувае, што як толькі іх прыпыніць, адразу людзі зноў выйдуць, адразу ў людзей з’явіцца новая матывацыя», – адзначае Віталь Цыганкоў.

Ад стратэгіі ціску, затрыманняў і арыштаў улада адыходзіць не збіраецца, лічыць Віталь Цыганкоў:

«Для яе рацыянальнасць і лагічнасць – не інтарэсы краіны, а толькі захаванне ўласнай улады. І яна здольная рабіць крокі, што прыносяць шкоду краіне – людзі выязджаюць, найлепшыя людзі затрымліваюцца, адбываюцца санкцыі, адбываецца міжнародная ізаляцыя, але ўсё гэта адкідваецца, паколькі ўлада лічыць, што галоўнае – захаваць уладу».

Кіраўніца гарадзенскага дзіцячага госпісу Вольга Вялічка, якая праз пераслед уладаў мусіла зʼехаць з краіны, разгром рэжымам грамадзянскай супольнасці тлумачыць проста:

«Улада, якая сёння існуе ў краіне, баіцца любой актыўнасці і баіцца людзей, якія маглі б павесці за сабой іншых людзей».

Ад знішчэння ўладамі грамадзянскай супольнасці пацярпяць у першую чаргу грамадзяне краіны, адзначае Вольга Вялічка, бо недзяржаўныя арганізацыі праводзілі вялікую працу з людзьмі:

«Дзяржаўныя ўстановы адукацыі і аховы здароўя і іншыя не здольныя аказваць якасныя паслугі, якіх патрабуе насельніцтва, гэта прывядзе да маргіналізацыі грамадства, алкагалізацыі ды іншых працэсаў».

Але нават ва ўмовах абмежаваных магчымасцяў беларусы могуць дзеяць для захавання і развіцця грамадзянскай супольнасці, кажа Вольга Вялічка – аддаваць дзяцей у беларускія класы, вывучаць мову і гісторыю, падтрымліваць палітвязняў і ўсведамляць, што калі ты не цікавішся палітыкай, то палітыка зацікавіцца табой.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»