Барыс Гарэцкі: «Усё, што робіць незалежны журналіст у Беларусі, можа быць інкрымінавана як здрада дзяржаве»


Мы спадзяваліся ў верасні зноў ужывую пачуць спакойны і ўпэўнены голас Кацярыны Андрэевай, але сёння пачаўся новы судовы працэс над нашай журналісткай, якая ўжо другі год застаецца за кратамі. Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме пачаў разгляд справы аб нібыта «здрадзе дзяржаве».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На мой погляд, гэта тыповая помста. Я перакананы, што рашэнне аб фабрыкаванні гэтага працэсу прымалася дзесьці досыць высока, таму што Каця як выдатны журналіст-расследавальнік шмат каму была нязручнай. І я думаю, што гэта помста», – кажа ўпаўнаважаны ў справах з кадрамі тэлеканалу «Белсат» Зміцер Ягораў.

Журналістку Кацярыну Андрэеву затрымалі разам з аператаркай Дар’яй Чульцовай у лістападзе 2020-га. Летась у лютым суддзя Наталля Бугук пакарала абедзвюх дзяўчат двума гадамі зняволення, прызнаўшы вінаватымі нібыта ў арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, а фактычна – за жывы рэпартаж з жорсткага разгону акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Кацярына Андрэева мелася выйсці на волю сёлета 5-га верасня. Але тры месяцы таму стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне: «Здрада дзяржаве». Пад такой фармулёўкай можа хавацца ўсё што заўгодна, падкрэслівае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

«Ці была гэта кніга, ці нейкія нарэзкі з яе матэрыялаў, ці гэта былі тэкставыя паведамленні, ці ўвогуле нейкая перапіска – фактычна ўсё, што робіць незалежны журналіст у Беларусі, можа быць інкрымінавана як здрада дзяржаве», – кажа Барыс Гарэцкі.

Кацярына Андрэева – ужо трэці журналіст у Беларусі, супраць якога выставілі такое абвінавачанне. У здрадзе дзяржаве абвінавацілі таксама медыяменеджара Андрэя Аляксандрава і журналіста Дзяніса Івашына. «Дэмакратыя памірае там, дзе адсутнічае свабода прэсы», – так на інфармацыю пра новы судовы працэс адрэагавала дэпутатка Еўрапарламенту Дэляра Буркгарт, «хросная» нашай журналісткі ў межах кампаніі салідарнасці.

«Калі Кацярыну прызнаюць вінаватай, яе могуць незаконна змясціць у турму яшчэ на 15 гадоў. Мы з болем усведамляем, што гэта азначае для яе, ейных родных і многіх іншых журналістаў. Гэтыя абвінавачанні цалкам беспадстаўныя, гэта непасрэдная атака на свабоду прэсы», – лічыць Дэляра Буркгарт.

Сёння гэты ўдар трымае нашая Кацярына Андрэева. Працэс аб так званай здрадзе дзяржаве зрабілі закрытым, на яго не пусцілі нават родных журналісткі.

«Як доўга можа працягнуцца судовы працэс, прадказаць немагчыма. Рабіць прагнозы наконт яго выніку – занятак і ўвогуле бессэнсоўны. Толькі адно я ведаю дакладна: што б зараз ні адбылося, мы ўсё адно рана ці позна пераможам, будзем разам і будзем шчаслівыя», – напісаў у сваім Фэйсбуку муж Кацярыны Андрэевай журналіст Ігар Ільяш.

Кацярына ж у лістах да мужа піша, што застаецца толькі рабіць тое, што і так умеем: сабраць усю волю, цярплівасць, вытрымку, стрыманасць і са спакойнай годнасцю глядзець наперад. Суд над Кацярынай Андрэевай працягнецца заўтра.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»