18 чалавек загінулі, 243 пацярпелі. Вынікі пратэстаў ва Узбекістане


Каракалпакстан застанецца аўтаномным. Пра гэта заявіў прэзідэнт Узбекістану Шаўкат Мірзіёеў і прапанаваў пакінуць артыкулы Канстытуцыі ад 70-га да 75-га без зменаў. Але заплацілі за гэта каракалпакі крывёю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле афіцыйных звестак, 18 чалавек загінулі, 243 пацярпелі, больш за паўтысячы затрыманыя. Ды і перамога гэтая хутчэй Пірава. Эксперт у галіне Цэнтральнай Азіі Алішэр Ільхамаў лічыць, што мэтаю змена Канстытуцыі ва Узбекістане было не пазбаўленне суверэнітэту аўтаномнай рэспублікі.

«Там была ідэя накідаць як мага больш зменаў, каб стварыць бачнасць такой прававой легітымнасці, стварыць уражанне, што вось новая прававая рэальнасць, і давайце абнуляць гэтыя прэзідэнцкія тэрміны. Але ў выніку яны перагнулі палку і ўключылі гэтыя пункты аб абмежаванні суверэнітэту Каракалпакстану, і вось атрымалі тое, што мы цяпер маем».

Акрамя таго, з прычыны масавых пратэстаў у Каракалпакстане ўсё большая імавернасць, што Узбекістан увойдзе ў АДКБ.

«АДКБ з пункту гледжання яго [Мірзіёева] асабістых інтарэсаў (дапамога Расеі) можа аказацца такім фактарам, які дапаможа яму ўтрымацца ва ўладзе ў выпадку новага крызісу, можа быць, больш маштабнага», – працягвае эксперт.

Аб пратэстах ва Узбекістане ўжо выказаліся і ў Крамлі.

«Усё, што адбываецца ва Узбекістане, – унутраная справа гэтай краіны. І мы не сумняваемся, што пры актыўнай працы кіраўніцтва Рэспублікі ўсе існыя праблемы будуць урэгуляваныя», – кажа Зміцер Пяскоў.

Вось толькі падобную прамову Пяскоў прамаўляў і ў студзені – у пачатку казахскіх пратэстаў. Але пазней Расея, Беларусь ды іншыя краіны АДКБ усё ж адправілі свае войскі ў суседнюю краіну для здушэння пратэстаў. Загінулі тады 225 чалавек, чатыры з паловай тысячы пацярпелі, яшчэ амаль тры тысячы былі затрыманыя.

Але цэны на газ, праз якія і пачаліся пратэсты, улады яшчэ ў першыя дні дэманстрацыяў вярнулі да дарэвалюцыйных паказнікаў, у краіне аб’явілі аб сурʼёзных палітычных рэформах і аб правядзенні рэферэндуму. Але значных зменаў у палітычным жыцці Казахстану так і не адбылося.

«Падзеі, якія адбываюцца ў Казахстане, я думаю, яны яшчэ не завяршыліся. Трэба пачакаць, каб гэтыя рэформы былі даведзеныя да канца, і адбылося змяненне рэальнай палітычнай сістэмы. Пакуль пра гэта рана казаць», – распавядае палітолаг Эдыл Асманбетаў.

Нягледзячы на тое, што перамогі пратэстоўцаў і ў Казахстане, і ва Узбекістане, палітолагі называюць нязначнымі, усе разам яны запусцілі глабальны працэс змены палітычнага ладу ў Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне.

«Цяпер ідзе вялікі, тытанічны, я б сказаў, геапалітычны зрух у Цэнтральнай Азіі, на Паўднёвым Каўказе, і мы назіраем толькі пачатковы перыяд гэтага працэсу».

Часткай гэтага працэсу называюць і Беларусь, дзе масавыя пратэсты пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м годзе. Але беларуская статыстыка прайграе і Узбекістану, і Казахстану. Перамог, нават фармальных, працяглыя і масавыя пратэсты не прынеслі.

Пры гэтым смерць 12 чалавек, так ці інакш, звязваюць з падзеямі 20–21 гадоў, у турмах на сённяшні дзень застаюцца 1236 палітвязняў, больш за 35 тысяч чалавек былі затрыманыя, многія з іх былі збітыя і пакалечаныя сілавікамі. Таксама ў МУС Беларусі распачалі больш за 4200 крымінальных справаў за экстрэмізм і тэрарызм. Амаль у кожнай з іх праходзяць больш за 2 чалавекі, і максімальная мера пакарання паводле іх прадугледжвае смяротнае пакаранне, якое да гэтага часу выкарыстоўваецца ў Беларусі.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»