Выязны турызм у Беларусі за тры гады прасеў на 90%


Сярод прычынаў – прымусовая пасадка самалёта Ryanair у Менску, а цяпер – і вайна ва Украіне. Беларускія турфірмы дагэтуль прапануюць пуцёўкі ў Егіпет і Турцыю – традыцыйныя кірункі адпачынку шмат якіх беларусаў. Быццам бы нічога не змянілася: абяцаюць гатэлі з любою колькасцю зорак і наўпроставыя авіярэйсы з Менску.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«З Беларусі ёсць наўпроставыя кірункі: Турцыя, Эміраты, Грузія. Са стыкоўкамі праз Стамбул – еўрапейскія краіны: Грэцыя, Чарнагорыя, Італія. Танней – гэта наўпроставыя рэйсы. Грузія будзе таннейшаю за ўсё: у ліпені на дваіх за 9 начэй са сняданкамі – каля 1750 долараў, гэта Батумі. У Турцыю на 4 зоркі, усё ўключана – мінімум 2400 еўраў за 10 начэй», – паведамілі «Белсату» у менскай турфірме.

У параўнанні з мінулым годам сёлета туры на мора зрабіліся даражэйшымі – у першую чаргу праз лагістыку авіярэйсаў. У выніку вайны ва Украіне закрыты найкарацейшы паветраны шлях у Турцыю і Егіпет, самалёты мусяць рабіць вялікі крук і нават прызямляцца па дарозе на дазапраўку.

Калі раней можна было даляцець у сярэднім за 4 гадзіны, то цяпер дарога займае ўдвая даўжэй, кажуць у Рэспубліканскай асацыяцыі турыстычных агенцтваў: «Цяпер у Егіпет ляцець 8 гадзінаў, у Турцыю – 6,5 гадзіны. У выніку аблёту зрабілася даражэй, павысіўся паліўны збор – і на сям‘ю выходзіць значная сума. Натуральна, некаторыя людзі адмовіліся ад паездак».

Пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Менску для «Белавіі» закрылі неба Заходняй Еўропы, таксама авіякампанія была вымушаная вярнуць частку лізінгавых самалётаў. Напрамкі з беларускай сталіцы даляцець да курорту можна толькі ў чатыры краіны: Турцыю, Егіпет, Аб‘яднаныя Арабскія Эміраты і Грузію. Але і туды палётная праграма абмежаваная, бо ў «Белавіі» не хапае бартоў.

«На той аб‘ём перавозак, што застаўся, попыт нармальны, барты не пустыя. Але ад рынку засталося 10% у параўнанні з 2019 годам. Мы згубілі Еўропу з вылетам з Беларусі, на Егіпце мы згубілі 90% перавозак. І попыт на аб’ём, які застаўся, ёсць», – распавяла «Белсату» крыніца ў турыстычнай сферы.

Застаецца магчымасць адпачыць на радзіме. Улады запэўніваюць, што за мінулыя гады цікавасць да ўнутранага турызму павялічылася ў паўтара разу – як і колькасць гасцей у санаторыях і аграсядзібах. Але эксперты кажуць, што ў краіне бракуе інфраструктуры, таму, нават калі расце попыт, прапановы няма.

Гаспадыня аграсядзібы непадалёк Налібоцкай пушчы Яўгенія расказала «Белсату», што сёлета гасцей там прымуць, як звычайна: не больш і не менш.

«Колькасць гасцей такая ж, як і летась. Можа, больш расейцаў цяпер, бо мяжу адкрылі. Летась больш беларусаў было. А яшчэ раней, да пандэміі, у нас было багата замежнікаў з розных краінаў. Наш кантынгент абсалютна розныя людзі, розных сацыяльных слаёў, і моладзь, і людзі сталага веку. Попыт добры, заезды распісаныя амаль да канца лета, яшчэ ёсць месцы на другую палову жніўня», – кажа Яўгенія.

Зрэшты, шмат якім беларусам цяпер не да адпачынку – гэта паказалі апытанні ў сацсетках «Белсату». Людзі скардзяцца, што на курорты няма грошай: рэальныя даходы грамадзянаў падаюць, і канца-краю гэтага падзення не відаць. Некаторыя выберуць бюджэтныя варыянты: удома, на лецішчы ці паедуць да бабулі ў вёску. Шмат хто кажа, што пра адпачынак наогул не думае: як можна штосьці планаваць, калі на вайне ў суседняй Украіне гінуць людзі?

Сяргей Крот, «Белсат»