Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам


Сустрэча Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам Польшчы прайшла без журналістаў. Гаварыла дэмакратычная лідарка Беларусі з Анджэем Дудам пра хутчэйшае распачынанне справаў паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Польшчы, узмацненне санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі ды пра магчымасці прызнаць яго тэрарыстычным.

«Былі тут, у палацы Бэльвэдэр, спадарыня Святлана Ціханоўская і спадар Павел Латушка. Мы селі разам за стол, размаўлялі пра актуальную сітуацыю ў Беларусі. Я перадусім пытаўся, якім чынам мы б маглі падтрымаць дзеянні беларускай апазіцыі, апазіцыі ў шырокім сэнсе – тых людзей, якія проста хочуць, каб Беларусь была дэмакратычнай, суверэннай і незалежнаю краінаю», – лічыць прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Беларусы, як і раней, могуць разлічваць на дапамогу – запэўніў падчас супольнай са Святланаю Ціханоўскаю прэс-канферэнцыі мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі.

«Спадзяюся, што ўва ўсіх польскіх палітычных сілаў адзіная думка аб гэтай справе. Мясцовыя ўлады Варшавы ды іншых польскіх гарадоў рабілі ды будуць рабіць усё, каб падтрымаць тых, хто апынуўся пад нашай апекай у гэты складаны час», – кажа мэр Вашавы Рафал Тшаскоўскі.

«Я ўпэўненая, што Польшча – гэта прыклад, як іншыя краіны мусяць весці сябе, як іншыя краіны мусяць заставацца моцнымі ды мужнымі ў адказ на тое, што робяць беларускія ўлады. Польшча робіць вялікую працу, каб падтрымаць людзей тут і ціснуць рэжым у Беларусі», – кажа Святлана Ціханоўская.

Пры заканчэнні двухдзённага візіту ў Варшаву Святлану Ціханоўскую запрасілі на адкрыццё мемарыялу «Салідарнасць».

Помнік складаецца з чатырох фрагментаў Берлінскае сцяны, аб’яднаных у слова «Салідарнасць». 32 гады таму ў Польшчы прайшлі першыя часткова вольныя выбары. Пасля доўгіх гадоў супрацьстаяння камуністычнаму рэжыму яны сталі сапраўднай надзеяй на дэмакратычныя перамены.

Надзея Бельская, «Белсат»