Наколькі балючымі будуць санкцыі?

З заўтрашняга дня самалётам краінаў Еўразвязу нельга будзе лётаць над Беларуссю, а «Белавіі» забароняць прызямляцца ў краінах Еўропы. Як паведамляе «Reuters», рашэнне ўзгаднілі ў Брусэлі пастаянныя прадстаўнікі краінаў Еўразявязу. Наперадзе – чацвёрты пакет санкцыяў супраць уладаў Беларусі. Як абмежаванні паўплываюць на беларускую эканоміку і ці прымусяць рэжым спыніць рэпрэсіі?

Пасля прымусовай пасадкі лайнера «Ryanair» самалёты сталі лятаць праз Беларусь амаль удвая радзей. Паводле Еўрапейскай арганізацыі бяспекі паветранай навігацыі, месяц таму над нашаю краінаю за дзень праляталі 420 самалётаў, цяпер – 253. Колькасць рэйсаў «Белавіі» скарацілася ў 5 разоў.

Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Хлопцаў спрабуюць пакараць ні за што! Чаму? Таму, што кампанія дзяржаўная, не прыватная і раптам працуе лепш за любую іншую кампанію ў свеце! Нейкая там Беларусь – і раптам лепшая! Ёсць шэраг і іншых прычын, але гэтая – галоўная: канкурэнт!»

За пралёт над беларускім небам у 2019 годзе Менск атрымаў 85 мільёнаў еўраў. Санкцыі разбурылі бізнес-мадэль «Белавіі», якая перавозіла пасажыраў паміж краінамі ў стане канфлікту, як Расея, Украіна, Турцыя і дзяржавы ЕЗ. Запазычанасць за закупленыя ў лізінг самалёты эксперты ацэньваюць на 500 мільёнаў долараў. Страты могуць гэтым не абмежавацца. Кіраўніцтва Еўразвязу 24 чэрвеня можа ўвесці новыя санкцыі супраць Менску.

Андрэй Елісееў, аналітык EAST CENTER / ISANS адзначыў: «Я лічу больш верагодным сцэнар, калі санкцыі ўвядуць супраць асобных кампаній, якія кантралююцца людзьмі, набліжанымі да ўлады, чым ўвядзенне сектарных санкцыяў. Пакуль таксама незразумела, наколькі шырокім будзе спіс гэтых кампаніяў. Даваць прагнозы, не ведаючы, наколькі маштабнымі будуць санкцыі і наколькі Расея гатовая падставіць Лукашэнку плячо, складана».

Кіраўнікі краінаў Еўразвязу прапанавалі ўвесці абмежаванні на экспарт беларускіх нафтапрадуктаў, калію і на транспартаванне газу. У мінулым годзе на Захад Менск прадаў паліва на 1 мільярд 800 мільёнаў долараў, калію – на паўтара мільярда долараў, а кошт паслугаў у транспартаванні газу праз Беларусь «Газпром» ацаніў на 345 мільёнаў. Разам гэта больш за пяць адсоткаў беларускага ВУП.

«Калі санкцыі ўвядуць у найбольш жорсткай форме, то страты беларускай эканомікі могуць даходзіць да 2–3 мільярдаў долараў за год».З учорашняга дня ЗША аднавілі санкцыі супраць канцэрну «Белнафтахім», – мяркуе Вадзім Іосуб, аналітык «АЛЬПАРЫ ЕЎРАЗІЯ».

У адказ Менск паабяцаў скараціць персанал амерыканскай амбасады, абмежаваць працу амерыканскіх адмыслоўцаў і адмовіцца ад дапамогі Агенцтва ЗША ў міжнародным развіцці. Амерыканскія спецыялісты ў Беларусі працуюць пераважна ў IT. Гэтая галінА ў мінулым годзе экспартавала ў ЗША паслуг на 1 мільярд 160 мільёнаў долараў. Маштабная варажнеча з Захадам можа пазбавіць Менск грошай для выплаты замежнай запазычанасці.

«Калі не знойдуць, якім чынам кампенсаваць падобныя сумы, то наступствы для эканомікі будуць надзвычай сумнымі – аж да дэфолту на працягу аднаго-двух гадоў», – кажа Іосуб.

Санкцыі супраць «Белавіі» ды анансаваныя абмежаванні супраць беларускай прамысловасці сталі адказам ЕЗ на прымусовую пасадку еўрапейскага самалёта і арышт журналіста Рамана Пратасевіча. Ці лічаць санкцыі справядлівымі грамадзяне Беларусі?

Жыхары Менску адказалі так:
«Прычыны ў іх ёсць, натуральна, для таго, каб так паступаць».
«Я да гэтага стаўлюся вельмі роўна».
«Не, несправядліва, самі губляюць шмат чаго».
«Справядліва. Час ужо чалавеку (не будзем яго зваць) змяніць пасаду».

На Лукашэнку санкцыі не паўплываюць – лічыць палітолаг Андрэй Елісееў. На ягоную думку, прымусіць Лукашэнку сысці яны маглі ў жніўні, падчас беспрэцэдэнтных народных пратэстаў. Цяпер рэжым будзе ўзмацняць рэпрэсіі – незалежна ад эканамічных абмежаванняў.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама