За семдзесят дзён вайны расейцы не дасягнулі поспехаў


У сямідзясяты дзень вайны ва Украіне адною з галоўных тэмаў на парадку дня застаецца эвакуацыя людзей з разбуранага Марыупалю. Гуманітарная аперацыя пры ўдзеле ААН і Чырвонага Крыжа працягваецца, і сёння быў абвешчаны яе чарговы этап. Ён не датычыць тых цывільных, што застаюцца ў сховішчах на тэрыторыі заводу «Азоўсталь», дзе другі дзень ідуць жорсткія баі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ідзе проста эвакуацыя жыхароў гораду, – кажа дарадца мэра Марыупалю Пятро Андрушчанка. – Яна ў працэсе. Мы чакаем, усе разам чакаем нашых жыхароў у Запарожжы».

Тым часам сітуацыя ў бамбасховішчах «Азоўсталі» не паляпшаецца. Учора да Запарожжа дабраліся каля ста пяцідзесяці чалавек, эвакуяваных з тэрыторыі заводу трэцяга сакавіка. Ранейшыя спробы вывезці адтуль жыхароў гораду зрываліся. У гэты ж час расейскія войскі аднавілі штурм «Азоўсталі».

«На заводзе “Азоўсталь” застаецца шмат цывільных асобаў. Мы спадзяемся, што будзе яшчэ адна хваля эвакуацыі і ўрэшце мы эвакуюем усё мірнае насельніцтва з тэрыторыі “Азоўсталі”. У нашых аптымістычных планах і надзеі на тое, што нашы абаронцы будуць эвакуяваныя» – працягвае Пятро Андрушчанка.

Зрэшты, паводле апошняй інфармацыі ўзгодненыя з расейскім бокам гуманітарныя калідоры не датычылі вайскоўцаў і параненых. Сёння мэр Марыупалю Вадзім Бойчанка паведамляў, што сувязь з байцамі на «Азоўсталі» знікла. Пазней яны выйшлі на кантакт. Згодна з Генштабам Збройных сілаў Украіны спробы расейцаў узяць тэрыторыю заводу пад кантроль поспеху не маюць.

«Ідуць цяжкія баі на тэрыторыі нашай крэпасці “Азоўсталь”», – расказвае мэр Марыупалю Вадзім Бойчанка ўкраінскаму тэлебачанню. – Нашыя мужныя хлопцы абараняюць гэтую крэпасць, але вельмі складана, бо працуюць па гэтай крэпасці цяжкай артылерыяй, працуюць танкамі, працуюць авіяцыяй, падышлі караблі ды таксама б’юць па гэтай крэпасці».

Тым часам ва Узброеных сілах Беларусі пачалася раптоўная праверка сілаў рэагавання. Як тлумачыцца, вайсковыя часткі і падраздзяленні адпрацуюць прывядзенне ў баявую гатовасць, марш у прызначаныя раёны ды выкананне вучэбна-баявых задачаў.

«Магчыма, гэта пэўны элемент ціску на Украіну, каб яна перакінула нейкія вайсковыя часткі на мяжу з Беларуссю і адцягнула ўвагу ад Данбасу – у гэтым сэнсе гэта дапамога Расеі», – каментуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Украінскі бок ужо адрэагаваў на раптоўную праверку сілаў рэагавання: у Дзяржаўнай памежнай службе Украіны не выключаюць, што ў пэўны момант Расея ўсё ж зможа выкарыстаць тэрыторыю Беларусі ды яе Узброеныя сілы супраць Украіны. Паводле ж Валера Карбалевіча, верагоднасць гэтага сцэнара ўсё змяншаецца:

«Вакол Данбасу і на поўдні Украіны разгортваюцца асноўныя баі, таму тут беларускае войска ўжо не можа быць задзейнічанае, хіба што весці яго на Данбас, але гэта ўжо іншая гісторыя. З другога боку, вайна прымае зацяжны характар, разлікі на хуткую перамогу ўжо зніклі, і ў такіх варунках увязвацца ў вайну з гледзішча афіцыйнага Менску не мае вялікага сэнсу».

Чым даўжэй працягваецца вайна, тым больш карэктуюцца першапачатковыя расклады. Украіна супрацьстаіць поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі ўжо семдзесят дзён. Ці дасягнула Расея за гэты час нейкіх поспехаў?

«Вынікі сямідзесяці дзён абвастрэння вайны ва Украіне – гэта невыкананне задач, якія ставіла перад сабой ваенна-палітычнае кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі, страта ініцыятывы і, адпаведна, страта перспектывы выканання тых задач. Ды і яны ўжо змяніліся», – ацэньвае сітуацыю падпалкоўнік запасу Збройных сілаў Украіны Мікалай Саламаха.

Бліжэйшым часам Мікалай Саламаха прагназуе пераход украінскіх войскаў у наступ не толькі ў Харкаўскай, але і ў Луганскай ды Данецкай вобласцях.