«Трэба споўніць яго мару аб дэмакратычнай Беларусі». Вянок памяці Станіслава Шушкевіча


Станіслаў Шушкевіч. Першы кіраўнік Незалежнай Беларусі, прафесар, сапраўдны інтэлігент.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мне здаецца. На сённяшні дзень ні ў кога ў Беларусі не было такога цікавага жыцця», – згадвае свайго дзядулю Станіслава Гліннік.

У палітыку выбітны фізік і прарэктар БДУ трапіў падчас Перабудовы. У 1989 годзе пры падтрымцы Беларускага Народнага Фронту Станіслава Шушкевіча абралі ў Вярхоўны Савет СССР, дзе ён далучыўся да Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы, пад ціскам якой адмянілі 6 артыкул Канстытуцыі Саюзу аб кіроўнай ролі камуністычнай партыі.

Гаворыць Аляксандр Дабравольскі, дарадца Святланы Ціханоўскай, а ў 1989 г. раней дэпутат Вярхоўнага Савету СССР:

«Ад Беларусі там было як я памятаю 14 чалавек. Сярод іх Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Станіслаў Шушкевіч. І гэтыя людзі фактычна задавалі тон разам з Барысам Ельцыным, Андрэем Сахаравым, Анатолем Сабчаком».

У 1990-ым годзе Станіслава Шушкевіча абралі ў Вярхоўны Савет Беларусі. 19 жніўня 1991 палітык як адзіны чалец прэзідыум асудзіў путч у Маскве.

25 жніўня а 20:14 менавіта Станіслаў Шушкевіч, які вёў Сесію Незалежнасці ў Вярхоўным Савеце, віншаваў беларусаў з адраджэннем самастойнасці. Адданасць Беларусі, разуменне нацыянальных каштоўнасцяў, гэта тое, што выдзяляла старшыню Парламенту.

«Ён гэта пацвердзіў, калі 19 верасня 1991 года на наступны дзень пасля абрання старшынём Вярхоўнага Савету паспрыяў таму, каб бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” зрабіліся дзяржаўнымі сімваламі», – зазначае дэпутат незалежнасці Сяргей Навумчык.

8 снежня 1991 года Станіслаў Шушкевіч разам з прэзідэнтамі Украіны і РСФСР Леанідам Краўчуком і Барысам Ельцыным у Віскулях падпісаў дэмантаж Савецкага Саюзу.

«Гэтым адкрылася магчымасць перафарматавання свету ў гэтай частцы Еўропы на нейкі дэмакратычны лад, які даваў надзею», – згадвае Вітаўтас Ландсбергіс, старшыня Парламенту Літвы ў 1990-1992 гадах.

«Ён зрабіў шмат, каб не было ніякага гвалту, ніякай крыві, калі дэнансавалі Савецкі Саюз, гэтую таталітарную дзяржаву», – звяртае ўвагу кандыдат на прэзідэнцтва ў 2010 Андрэй Саннікаў.

Менавіта пры Станіславе Шушкевічы Беларусь сярод першых у свеце абвесціла пра намер адмовіцца ад ядравай зброі. За першыя гады незалежнасці кіраўнік парламенцкай дзяржавы сустрэўся са шматлікімі замежнымі лідарамі. У 1994 з візітам у Менск прыляцеў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан.

Адразу пасля гэтага дэпутат Лукашэнка выступіў у Вярхоўным Савеце з нібыта антыкарупцыйным дакладам, маўляў кіраўнік дзяржавы скраў… скрыню цвікоў. Гэта аказалася суцэльнай хлуснёй, але наменклатура толькі чакала моманту, каб зняць Станіслава Шушкевіча з пасады.

«Ён быў чалавекам шчырым, чалавекам вельмі сумленным, ён ніколі не выкарыстоўваў уладу для ўласнага ўзбагачэння. У гэтым ён безумоўна адрозніваўся ад цяперашніх кіраўнікоў Беларусі і галоўнага кіраўніка», – гаворыць дэпутат незалежнасці Сяргей Навумчык.

На першых прэзідэнцкіх выбарах Станіслаў Шушкевіч заняў 4-ае месца з амаль 10 адсоткамі. Пасля прыходу да ўлады Лукашэнка пачаў помсціць былому кіраўніку дзяржавы, прызначыўшы яму пенсію ў… 1 долар.

«Як вялікі адмысловец у галіне фізікі Станіслаў Шушкевіч ездзіў у Сеул, у Паўднёвую Карэю, дзе вельмі добра выкладаў і атрымліваў высокія ганарары, пры пенсіі ў некалькі долараў, мог рэшту году спакойна жыць», – кажа дырэктар Інстытуту Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту Ян Маліцкі.

Сёння спачуванні ў сувязі са смерцю Станіслава Шушкевіча надыходзяць з усяго свету. Сярод іншага, ад прэм’ер-міністаркі Літвы, міністра замежных справаў Латвіі, афіцыйных асобаў Славакіі, Францыі, ЗША, Швецыі і прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды:

«З глыбокім жалем развітваюся са Станіславам Шушкевічам, першым кіраўніком і бацькам незалежнае Беларусі. Польшча ніколі не забудзе ягонай ролі ў распадзе Савецкага Саюзу ў 1991 г. і стварэнні вольнай Беларусі, Украіны ды іншых дзяржаваў. Няхай спачывае ў спакоі!»

У Польшчы ж знаходзіцца і ўнучка Станіслава Шушкевіча Станіслава Гліннік, якая праз рэпрэсіі не можа развітацца з дзядулем:

«Я на жаль не магу быць разам з сямʼёй. Гэта выбар, які зрабілі вельмі шмат сумленных людзей у Беларусі».

Станіслава згадвае таксама лёс свайго прадзеда якога рэпрэсавалі сталіністы. І бачыць у гісторыі свае сямʼі адлюстраванне лёсу беларускага народу.

«Яго бацька – таксама Станіслаў Шушкевіч – вядомы беларускі пісьменнік. І вельмі шкада, што ён цяпер ужо не з намі. Мне так балюча. І я думаю, тое, што зрабіў Шушкевіч, людзі будуць памятаць. Дзякуючы яго намаганням, Беларусь цяпер незалежная краіна, і нам проста трэба споўніць яго мару, каб яна стала дэмакратычнай», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі.

Пакуль што месца і час пахавання першага кіраўніка незалежнай Беларусі невядомыя.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»