Колькі каштуе жыццё для беларускага ўцекача ў Польшчы?


Першае, што трэба набыць беларусу, які выйшаў з цягніка ці аўтобуса, – квіток на гарадскі транспарт. Каштуе ён прыкладна адзін долар. А можна адразу набыць месячны праязны за 112 злотых і карыстацца ім у розных відах транспарту. Гэта прыкладна 26 долараў. Такі самы праязны ў Менску каштуе ўсяго на тры долары танней.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З арэндай жылля сітуацыя больш складаная. Уводзім у пошук на сайце нерухомасці аднапакаёўку ў Варшаве, бачым сярэдні кошт 500–600 долараў. Натуральна, кошт залежыць ад лакацыі.

Рыэлтар Віктар Навумаў патлумачыў сітуацыю па раёнах сталіцы:

«Калі мы кажам пра аднапакаёўкі, то ў раёне метро «Палітэхніка» яна можа каштаваць дзве з паловай тысячы злотых ці трошкі болей. Калі мы кажам пра «Урсынаў», то там гэта можа быць 2200. Калі мы кажам пра ўскрайкі гораду ці гарады-сатэліты, то гэта можа каштаваць 2000 і 1800».

Эксперт называе сярод прычынаў высокіх коштаў – інфляцыю і пандэміяй каронавіруса.

«У 2020 і 2021 годзе вялікая колькасць людзей у Польшчы прыехалі з маленькіх мястэчак у гарады і пачалі там працаваць. І тады рынак ажывіўся. А потым крызіс і вайна з 24 лютага крыху змянілі планы і фармат гульні. Таму што вялікі попыт і высокая інфляцыя значна паўплывалі на кошты арэнды», – кажа Віктар Навумаў.

Што да коштаў на харчы, ялавічына ў польскіх крамах у сярэднім каштуе крыху менш за 10 долараў за кілаграм. Удвая таннейшая – свініна. Прыкладна такія ж кошты і ў Беларусі. Але пры гэтым трэба памятаць, што сярэдні заробак у Польшчы – 1450 долараў, а ў Беларусі – 548.

Найбольш уражваюць цэны на бытавыя паслугі.

Уладальніца студыі «E-LADY» Мажэна Лямэнтовіч патлумачыла ад чаго залежаць гэтыя кошты.

«Кошт манікюру вагаецца ў межах ад 50 да 220 злотых у залежнасці ад спецыфікі. Залежыць ад таго, ці гэта манікюр класічны, ці змяшаны, ці тытанавы, ці гэта адмысловы гелевы. Кошты на стрыжкі залежаць ад таго, дзе размяшчаецца цырульня, ці навучаны персанал, ці навучаецца ён увесь час, ці навучыўся некалькі гадоў таму і працуе на ранейшых прэпаратах. Кароткія валасы – гэта можа быць 160 злотых, даўгія – 500, 600, 700», – кажа спадарыня Лямэнтовіч.

Такім чынам, манікюр каштуе ўдвая даражэй, чым у Беларусі, а фрызура з фарбаваннем – амаль у 6 разоў. Па беларускіх мерках кошты неверагодныя.

І пра цэны на культурны адпачынак: квіткі на тэатральныя спектаклі – блізу ста злотых, гэта каля 25 долараў. А за наведванне Варшаўскай оперы можна заплаціць і ў чатыры разы даражэй. Калі ж у кішэні менш за 10 долараў, можна наведаць Цэнтр навукі Каперніка. А паход у планетарый будзе каштаваць яшчэ менш. Тым жа, у каго зусім складаная жыццёвая сітуацыя, адміністрацыя двух апошніх установаў дае магчымасць прайсці бясплатна. Дастаткова запоўніць адмысловую анкету. Да таго ж ёсць і вулічныя канцэрты, за якія плаціць не трэба.

Любоў Лунёва, «Белсат»