У кавярні і рэстараны вернуць пластыкавы посуд?


У Еўразвязе з 2021 года забаранілі ўсю вытворчасць пластыкавых вырабаў, а ў Беларусі – выкарыстанне пластыкавага посуду ў кавярнях і рэстарацыях. Але выявілася, што Міністэрства гандлю не гатовае да зменаў – на грамадскае абмеркаванне выставілі законапраект аб вяртанні некаторых пластыкавых вырабаў.

Гэта кубачкі аб’ёмам больш за 300 мілілітраў, саломінкі, кантэйнеры, ланч-боксы, слоікі, бутэлькі. Пад забаронаю застануцца кубачкі менш за 300 мілілітраў, сталовыя прыборы, палачкі для размешвання напояў, талеркі і кубкі.

«Вельмі няправільнае рашэнне, якое хутчэй кажа пра тое, што ўсе экалагічныя рашэнні нестабільныя, што іх можна заўсёды адкаціць, у залежнасці ад эканамічнай сітуацыі», – упэўненая супрацоўніца Цэнтру экалагічных рашэнняў Марыя Сума.

Міністэрства тлумачыць новы законапраект тым, што экалагічнага посуду айчыннай вытворчасці не хапае, а імпартныя экалагічныя заменнікі каштуюць у 2–4 разы даражэй за пластыкавыя вырабы.

«У прыняцці рашэнняў больш за ўсё кіруюцца нейкімі імгненнымі – год-два – перспектывамі, а не больш глабальнымі. А ўсе экалагічныя наступствы – яны ўсё ж такі глабальныя», – лічыць Марыя Сума.

А наступства ў тым, што пластыку можа стаць зашмат, бо ён раскладаецца доўга, ад пяцісот да тысячы гадоў. З-за сметнікаў з пластыкам хімічныя рэчывы сыходзяць у атмасферу ці ў глебу і далей – у падземныя свідравіны. У наземных водах пластыку таксама шмат, з-за чаго гінуць жывёліны. А ці змагаюцца з праблемаю пластыкавага забруджвання жыхары сталіцы?

«Так, я акурат збіраю смецце асобна – гэта самае малое, што магу зрабіць, ну і імкнуся менш выкарыстоўваць такія рэчы, якія не перапрацоўваюцца».

«Я пластык збіраю і здаю».

«Намагаюся не купляць ваду тую ж у пластыкавых бутэльках. Адзін раз набыць у шкле, потым паўторна выкарыстоўваць, штучным посудам не карыстаюся, пакетаў таксама стараюся не выкарыстоўваць».

Беларусы змогуць выказацца пра новы законапраект падчас грамадскіх абмеркаванняў на Прававым форуме.

«З досведу такіх грамадскіх абмеркаванняў, безумоўна, законапраекты змяняюцца. Пытанне толькі, у якой ступені, – кардынальных зменаў зазвычай не адбываецца, але нейкія асобныя палажэнні рэальна паляпшаюцца. Таму нашая рэкамендацыя: лепш удзельнічаць і ствараць грамадскі рэзананс», – тлумачыць кіраўнік Міжнароднага грамадскага аб’яднання эколагаў Дзяніс Кобрусеў.

Абмеркаванні адбудуцца да 14 траўня. Потым гэтыя меркаванні мусяць сістэматызаваць – на іх падставе Міністэрства гандлю зменіць ці пакіне без зменаў новы законапраект.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»