Тры ў адным: паглыбленне ў даўгі, адтэрміноўка санкцыяў і меншыя аб'ёмы нафты


За апошняе дзесяцігоддзе Беларусь істотна апусцілася ў даўгавую яміну. Са справаздачы Міністэрства фінансаў вынікае, што вонкавая пазыка за гэты перыяд вырасла ўдвая – да $ 18 млрд. Цяпер паўстала пагрозу прыбыткам ад перапрацоўкі нафты – Расея пацвердзіла, што ў траўні на палову абмяжуе нам абʼём паставак сыравіны.

«Транснафта» пасля падняцця Менскам падатку на прыбытак да 50-ці адсоткаў, як і планавала, моцна зніжае абʼёмы транспартавання нафты ў Беларусь. У траўні атрымаем у два разы менш. Прадказальна – кажа кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру «Мізэса» Яраслаў Раманчук:

«Гэта ніколькі не зʼяўляецца наступствам камерцыйнай спрэчкі. Гэта геапалітычная інтэграцыйная спрэчка, якая мае на мэце захаванне кантролю над беларускаю часткаю інфраструктуры, перапрацоўвання, транспартавання, перапрацоўвання нафты і агулам над беларускімі НПЗ».

Газ і нафта ў Расеі – не тавары, а камерцыйная зброя, нагадвае Раманчук. Пастаўкі нафты ў нафтаарыентаваную беларускую эканоміку зніжаюцца. Кіраўніцтва «Белнафтахіму» супакойвае: «Беларускія НПЗ працуюць у штатным рэжыме. Абʼёмы травеньскай перапрацоўкі нафты нават перавысяць узровень бягучых бізнес-планаў. Інфармацыя «Транснафты» не супярэчыць заданням, бо паказвае прамежкавыя значэнні транспартавання, якія, як правіла, пастаянна карэктуюцца цягам поўнага месяцу паставак».

Аптымізм айчыннага нафтавага манапаліста 2-га траўня падмацаваў прэмʼер-міністр краіны Раман Галоўчанка. Ён абверг інфармацыю «Ройтэрз», атрыманую з чатырох крыніцаў, што расейскія пастаўнікі нафты асцерагаюцца санкцыяў ЗША супраць «Нафтану». Прыпыняць транспартаванне сыравіны Расея не будзе – заявіў Галоўчанка.

Падчас сустрэчы з прэмʼерам, сёння, Аляксандр Лукашэнка загадаў адказаць краінам, якія ўводзяць эканамічныя абмежаванні:«Калі еўрапейцы хочуць праблемаў у сябе ў сувязі з гэтымі санкцыямі, яны іх патрымаюць. Трэба адказваць».

Галоўчанка запэўніў, што спіс прадпрыемстваў з еўрапейскім капіталам і рашэнні па спісе ўжо пачаў прымаць.

Гэта прагучала пасля навіны пра тое, што Еўразвяз адклаў прынамсі да наступнага месяца прыняцце чацвёртага пакету санкцыяў супраць адказных за рэпрэсіі сілавікоў, суддзяў, чыноўнікаў, а таксама набліжанага да Лукашэнкі бізнесу. Прыняццю супольнага рашэння аб санкцыях замінае розніца ў інтарэсах краінаў-чальцоў звязу, кажа палітолаг і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

«Еўразвяз – гэта не імперыя. Там няма аўтарытарнага кіравання, таму ўсе рашэнні прымаюцца са згоды ўсіх зацікаўленых бакоў»

Эксперты «Белсату» – прыхільнікі санкцыяў – не аднойчы заяўлялі пра бізнес-лобі рэжыму Лукашэнкі ў асобных краінах абʼяднанай Еўропы. Уладзімір Мацкевіч жа перасцерагае, што замест рэжыму праз санкцыі можа аслабнуць пратэст: «Гэта значыць, што магчымыя маніпуляцыі, што калі нам прапануюць хлеб і заробкі, не зрабіўшы а ні кроку ў бок свабоды, дэмакратыі, законнасці».

На працягу апошняга месяца справаздачы міністэрстваў і ведамстваў паказвалі падзенне ўсіх эканамічных паказнікаў, якія маюць расці і павелічэнне такіх, як інфляцыя, стаўка рэфінансавання, дэфіцыт бюджэту.

Сёння Мінфін рапартаваў, што ўнутраны доўг краіны цягам 10-ці гадоў вырас у 12 разоў да BR 11,763 млн рублёў.За гэты час вонкавы доўг Беларусі вырас амаль удвая – з $10,67 млрд да $ 18,123 млрд.

Калі размеркаваць апошнюю суму сярод усіх жыхароў Беларусі, кожны мусіць сплаціць каля $ 1900.Жыхары Віцебск на гэта:

«Думаю, што гэта даволі шмат і адмоўна да гэтага стаўлюся, канешне».

«Усе імкнуцца жыць без пазыкаў, а тут нараджаемся ўжо з пазыкамі. Не вельмі прыемна».

«Калі ўзяць суму ў параўнанне з нашым Валавым унутраным прадуктам, то адназначна доўг вялікі. То бок нам трэба будзе пастарацца, каб яго аддаць».

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што аддаваць будзем усе разам – праз падаткі, зборы, інфляцыю, дэвальвацыю, а калі забракуе, то і з дэпазітаў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»