Трагедыя ў Мэхіка: ахвяры і прычыны


Гэтак уночы выглядала сталіца Мексікі – пад заваламі метрамаста, што абваліўся, шукалі жывых. Загінула больш за 20 чалавек, сярод іх дзеці. Звыш за 70 раненыя, большасць з іх шпіталізаваныя.

«Мая нявестка патэлефанавала нам. Яна была з маім сынам. І яна сказала нам, што канструкцыя ўпала на іх», – пераймаецца Эфраін Хуарэс, на сына якога ўпала канструкцыя.

У гэтага мужчыны ў катастрофу трапіў брат:

«Мой брат быў там з жонкаю. Яе ўдалося выцягнуць, але яго там раздушыла. І ён застаецца там ляжаць, і цяпер яны мусяць яго выцягнуць. Хто ведае, колькі гэта зойме часу»

Два вагона ўпалі з вышыні каля 10 метраў. Пад заваламі апынулася мінімум адно аўта. А ў вагоне цягніка, які дэфармаваўся пры падзенні, заставаліся заціснутымі людзі. На месца трагедыі адразу прыехала мэр Мэхіко Кляўд’я Шэйнбаўм. Паводле яе, прычынаю катастрофы сталася абрушэнне адной з апорных канструкцыяў. Яна не вытрымала нагрузкі.

«На гэты момант мы не ідэнтыфікавалі тых, хто апынуўся ў пастцы, але будзьце ўпэўненыя, што сакратар вайскова-марскога флоту, уся ягоная каманда і група грамадскай абароны, а таксама пажарныя, вядома, робяць усё магчымае, каб апазнаць іншых людзей», – кажа мэр Мэхіка Кляўд’я Шэйнбаўм.

Дванаццатую лінію метро, на якой здарылася катастрофа, адкрылі ў 2012 годзе. Праз 5 гадоў здарыўся землятрус. Пасля гэтага мясцовыя жыхары заўважылі расколіну на канструкцыі. Пра гэта яны паведамлялі ўладам.

«Насамрэч заўсёды раніцаю, калі цягнікі пачынаюць хадзіць, мы адчуваем усё гэта ўдома. Праз гэты просты факт мы разумеем, што канструкцыя небяспечная», – кажа Рыкарда Дэ Ля Торэ, які жыве побач з метро.

У зоне трагедыі працягваюць працаваць ратаўнікі, паліцыя, пракуратура і дактары. Раён застаецца ачэпленым.

Надзея Бельская, «Белсат»