Святлана Ціханоўская працягвае сустракацца з лідарамі еўрапейскіх краінаў


Еўразвяз рыхтуе чацверты пакет санкцыяў супраць уладаў Беларусі. З гэтае нагоды каманда Святланы Ціханоўскай плануе шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі еўрапейскіх краінаў. На чарзе перамовы з кіраўнікамі Партугаліі.

«Мы сапраўды спадзяёмся, што гэтая сустрэча дасць плён беларускаму народу. Будзем казаць, безумоўна, пра спыненне гвалту, пра палітзняволеных. Таму што для Партугаліі гэтая тэма сапраўды блізкая. Партугалія таксама жыла шмат гадоў пры дыктатуры і таксама зведала вось гэты досвед палітзняволеных. Таму мы спадзяёмся на актыўнае падтрыманне ў развязанні палітычнага крызісу ў Беларусі пры дапамозе Партугаліі», – кажа эксперт у міжнароднай палітыцы Дзяніс Кучынскі.

Адною з галоўных мэтаў сваёй міжнароднай працы каманда Святланы Ціханоўскай ставіць пабудаванне пляцоўкі для дыялогу з Лукашэнкам. Паводле дарадцы Ціханоўскай, Франака Вячоркі, да гэтага кроку ўладаў мусіць падштурхнуць палітычны і эканамічны крызіс.

«Цяпер праца Еўразвязу ў кірунку Беларусі вядзецца па двух праектах, гэта: усёабдымны план дапамогі, які ўключае ў сябе дапамогу падчас рэформаў у так званы перамоўны перыяд і макрадапамогу на выпадак сыходу Лукашэнкі і аднаўлення эканомікі. А другое – гэта працяг ціску эканамічнага. Тое, што мы называем санкцыйнымі спісамі», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Франак Вячорка не выключае, што ў гэтыя спісы трапяць адказныя за суды над журналістамі і палітычнымі лідарамі. Таксама тыя, хто спансуе рэжым Лукашэнкі. Пазаўчора Святлана Ціханоўская правяла перамовы з прэзідэнтам Фінляндыі Саўлі Нійністэ. З чацвёртага да сёмага сакавіка запланаваныя візіты ў Партугалію і Швейцарыю.

Надзея Бельская, «Белсат»