Колькі міліцыянтаў у Беларусі?


«Белсату» вядома, што напярэдадні Дня міліцыі профільнае міністэрства збірала прадстаўнікоў розных падраздзяленняў на здымкі сацыяльных ролікаў. Але ніякія пастановачныя здымкі не прыкрыюць тых сапраўдных, дзе супрацоўнікі здзекуюцца са свайго народу ў імя захавання ўлады Лукашэнкі.

Адвучыўся, прысягнуў служыць народу, а пайшоў служыць дзяржаве… Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі налічвае 69 тысячаў супрацоўнікаў і грамадзянскага персаналу. Найбольш занята ў самых органах – 39 тысячаў. Унутраныя войскі – гэта каля 14 тысячаў асобаў. Грамадзянскі персанал – каля 16 тысячаў. На 100 тысячаў чалавек у Беларусі прыпадае 726 сілавікоў МУС – гэта на сотню менш чым у Расеі і ўтрая больш, чым у Францыі.

Беларускі міліцыянер карыстаецца з шэрагу дзяржаўных ільготаў і прывілеяў, найбольш прывабная з якіх – на жытло. Паводле Жыллёвага кодэксу:

«Суддзям, пракурорскім работнікам, старшым участковым інспектарам міліцыі і ўчастковым інспектарам міліцыі органаў унутраных спраў, асобам радавога і начальніцкага складу Следчага камітэту, органаў фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю арэнднае жыллё прадастаўляецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі не пазней за шэсць месяцаў пасля прызначэння на пасаду».

Заробак шараговага супрацоўніка – бруднымі – тысяча сто беларускіх рублёў. Палкоўнік міліцыі зарабляе дзве з паловай тысячы. У той час, калі медыянны заробак у краіне не дацягваецца да тысячы.

Заробкі міліцыянтам плоцяць з падаткаў беларусаў, супраць дзясяткаў тысячаў якіх летась міліцыя і іншыя сілавыя падраздзяленні ўзнялі дручкі і зброю.

Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў сёння заявіў:

«В 2020 годзе нам быў кінуты выклік. І супрацоўнікі міліцыі, і ваеннаслужачыя ўнутраных войск гэты выклік прынялі, ня гледзячы на складаную аператыўную абстаноўку. Ня гледзячы на пагрозы супрацоўнікам міліцыі, пагрозы нашым сем’ям, мы выстаялі».

293 злачынствы супраць міліцыянтаў здзейснілі пасля сфальсіфікаваных выбараў прэзідэнта – паведаміў начальнік менскай міліцыі Міхаіл Грыб.

Сярод крыўдзіцеляў – былы амапавец Уладзімір Шустаў, які атрымаў 3 гады зняволення за нібыта напад на супрацоўніка міліцыі. Пасля выраку ён сказаў: «Гэтыя фашысты проста збівалі мяне, проста збівалі – гэта ўсё бачна. Думаеце суд гэта слухаў?»

Падобны лёс маюць шэраг іншых былых супрацоўнікаў, якія засталіся на баку беларускага народа.

Таксама жанчыны, як Наталля Хершэ, якую асудзілі на 2 з паловаю гады калоніі за супраціў, ці маці дваіх дзяцей з Берасця Дарʼя Палякова, якой далі хатнюю хімію – нібыта парвала куртку міліцыянту. Тэрміны для мужчынаў яшчэ больш жорсткія. Марыя Караневіч, жонка асуджанага, кажа:

«Я не думала, што будзе так. Думала апраўдаюць ці прынамсі тэрмін меншы. Не тры ж гады за такое. Проста сядзець ні за што».

Паляванне на іншадумцаў працягваецца. МУС рапартуе: «На вуліцы Славінскага заўважаны мужчына, які наносіў на плот герб Пагоня. У яго асабістых рэчах знойдзены трафарэт і балон з чырвонаю фарбаю».

Юлія Цяльпук, «Белсат»