«I ў мяне нарадзіўся мэм». Ініцыятыва By_Pol апублікавала скандальную прамову Юрыя Караева


Сёння – Дзень міліцыі. Лукашэнка віншуе і раздае ўзнагароды. А тым часам ініцыятыва былых сілавікоў By_Pol апублікавала аўдыязапіс, на якім імаверна былы міністр унутраных справаў называе беларусаў «тупаватым» і «недалёкім» народам ды заклікае сілавікоў «прыбіраць пратэстоўцаў».

У Дзень беларускай міліцыі Аляксандр Лукашэнка ўручыў генеральскія пагоны сілавікам.

«Як бы пафасна ні гучала, для мяне вы ўяўляеце перадавы атрад арміі дабра, людзей творчых і – самае галоўнае – нацэленых на вынік», – сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка ўпэўнены: праваахоўнікі здольныя абараніць дзяржаўны лад і нейтралізаваць пагрозы эканоміцы ды мірнаму жыццю беларусаў.

Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў заявіў: беларуская міліцыя гатовая забяспечыць парадак падчас магчымых вулічных пратэстаў вясной і ўжо працуе на прафілактыку.

«Мы ведаем усіх людзей, якія заклікаюць. Памятаеце, калі на Усебеларускі сход некаторыя спрабавалі заклікаць на вуліцу, зладзіць хаос? Усе гэтыя людзі былі вылічаныя, затрыманыя і прыцягнутыя да ўстаноўленай законам адказнасці», – сказаў Кубракоў.

Тым часам ініцыятыва By_Pol, куды ўваходзяць былыя сілавікі, якія адмовіліся служыць рэжыму, замест віншаванняў з нагоды Дня міліцыі выклала новы аўдыязапіс. На ім чалавек з голасам, падобным да экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева, разважае, як трэба змагацца з пратэстоўцамі, і сцвярджае, што сілавікі ўратавалі краіну.

«Пераследуйце тых, хто пагражае нам з вамі, чыноўнікам. Ну і асабліва калі вам. Усё кідайце, знаходзьце гэтую пачвару і прыбірайце! Такі вам мой наказ».

Сілавікоў на запісе называюць «гасударавымі людзьмі», а беларусаў – «тупаватым» і «недалёкім» народам і «тлустымі абывацелямі». Гэтак Караеў тлумачыў жнівеньскае збіццё наведнікаў сталічнага супермаркету «Алмі».

«А потым прэзідэнт яшчэ казаў, і ў мяне нарадзіўся мэм. Ён сказаў, добра, што так лёгка не з вайной, але з бядою навучылася беларускае грамадства. І я кажу: «Новы мэм: сіняй сракай уратавалі краіну!»

Гэткімі словамі і пад апладысменты, паводле ініцыятывы By_Pol, экс-міністр скончыў развітальную прамову да працаўнікоў ГУБАЗіК.

Былы старэйшы пракурор Генпракуратуры Алег Талерчык кажа, што закон у нашай краіне цягам дзесяцігоддзяў адсоўваўся на другі план. А за ўжыванне празмернай сілы прыцягнуць да адказнасці работнікаў органаў унутраных справаў было складана заўсёды. Апагеем стаў 2020 год.

«Усе яны абышліся максімум звальненнем або дысцыплінарным спагнаннем. А часцяком калі, як выказаўся герой гэтага запісу, проста сінякі ды сіняя пятая кропка, – гэта нават ухвалялася як прафілактыка правапарушэнняў і злачыннасці. Таму тое, што яны рабілі ў жніўні, у прынцыпе для іх звыкла», – гаворыць Талерчык.

Словы меркаванага Караева пракаментавала Святлана Ціханоўская. Запіс пераканаў яе ў тым, што пратэстоўцы, цытата, «усё рабілі слушна» і што «другой хвалі пратэсту рэжым не вытрывае».

«Гэтая прамова – напамін не маўчаць, не згаджацца, не спыняцца. Інакш яны прывыкнуць, што можна ўрывацца ў нашыя бальніцы, школы, крамы, дамы – і прыстаўляць нам рулю да скроні. А потым «прыдумляць мэмы» і смяяцца з тысячаў змучаных і згвалтаваных людзей», – напісала Ціханоўская.

А з якімі словамі ў Дзень міліцыі да праваахоўнікаў хацелі б звярнуцца беларусы?

Жыхары Менску кажуць:

«Быць людзьмі. Проста быць людзьмі».

«Выконваць законы, Канстытуцыю. Паважаць свой народ».

«Хай яны паводзяць сябе так, як хацелі б, каб з імі людзі сябе паводзілі. Вось і ўсё».

«Здароўя і шчасця ім хачу пажадаць. Яны і так малайцы».

«Каб з людзьмі яны былі, а не Аляксандрам Рыгоравічам».

З леташняга жніўня ў Беларусі завялі 2407 крымінальных справаў «экстрэмісцкай накіраванасці». Сюды ўключана ўсё: ад нанясення на сцены абразлівых надпісаў да гвалту ў дачыненні сілавікоў – паведаміў старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч.

«Ім настолькі далі карт-бланш, магчымасць рабіць, што хочаш, і табе нічога за гэта не будзе. Бачым па сітуацыі ў Берасці, калі чалавека застрэлілі ў патыліцу – гэта наўмыснае забойства, а ў выніку чалавека, які загінуў, прызналі вінаватым», – кажа былы падпалкоўнік міліцыі, старшыня АГП Мікалай Казлоў.

У выніку пратэстаў, што выбухнулі пасля прэзідэнцкіх выбараў, фізічна пацярпелі, былі арыштаваныя ды затрыманыя тысячы чалавек. Прынамсі пяць асобаў былі забітыя падчас пратэстаў або ў падзеях, з імі звязаных.

Анастасія Русецкая, «Белсат»