Дзярждоўг Беларусі пабіў гістарычны максімум


Амаль 60 мільярдаў рублёў – столькі назбіралася дзяржаўнага доўгу ў нашай краіне. На дзень 1-га лютага ён пабіў гістарычны максімум. Адносна валавога прадукту краіны памер запазычанасці – больш за 38 адсоткаў – набліжаецца да крызісу 2016-га года. Сам па сабе вялікі доўг – гэта рэчаіснасць мноства краінаў. Але розніца ў тым, на што ідуць сродкі.

«Калі ў еўрапейскіх краінах і ў Расеі грошы, часцей за ўсё, ішлі на дапамогу насельніцтву, на кампенсацыю нейкіх выпадальных даходаў, то ў Беларусі асноўная падтрымка прыйшлася на дзяржсектар, на падтрыманне дзяржаўных заводаў», – кажа эканаміст Леў Львоўскі.

І тут здолелі б дапамагчы пэўныя рэформы, якія рэгулярна анансуюцца чыноўнікамі рознае велічыні. Але яны так і застаюцца на паперы. Напрыклад, план падзяліць прадпрыемствы на катэгорыі, закрыць стратную вытворчасць і перападрыхтаваць работнікаў.

Гэткім шляхам мог пайсці Беларускі металургічны завод. Прадпрыемства цалкам залежыць ад дзяржаўных датацыяў: Міністэрства фінансаў забрАла абавязкі па крэдытах перад банкамі. Сродкаў няма нават на выплаты заробкаў. Штомесяц гэта больш за 6 мільёнаў долараў крэдытных грошай.

«Каб дапамагаць людзям з прыбыткамі, часам танней пачаць раздаваць ім грошы. Цяпер, каб падтрымліваць вытворчасць на некаторых прадпрыемствах, мы марнуем грошы ды сталь і на электраэнергію, і на заробкі працаўнікоў», – мяркуе Леў Львоўскі.

Акрамя БМЗ, маем і «Гомсельмаш». Прадпрыемства, якое некалькі разоў было на мяжы закрыцця. Але шторазу дзяржава, не шкадуючы грошай падаткаплатнікаў, ратавала завод. Але пры такой міграцыі хто цяпер будзе плаціць за шырокія жэсты? Мог бы ІТ-сектар, але буйная яго частка цяпер у працэсе актыўнай рэлакацыі пасля хвалі дзяржаўнага тэрору.

Надзея Бельская, «Белсат»