ЦВК: 40 % прагаласуюць датэрмінова


Ад пасіўнага байкоту да актыўнага, ад галасавання «супраць» да псавання бюлетэняў – стратэгіі ўдзелу ў так званым рэферэндуме пра змены ў Канстытуцыю прапануюцца розныя. Але які рэальны ўплыў выбарнікаў на тое, што будзе адбывацца 27-га лютага? Улады пачалі падман задоўга да галасавання, падкрэслівае Аляксандр Дабравольскі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

 

«Калі гаварыць пра саму кампанію, то сама пастаноўка пытання – гэта ўжо падман і фальсіфікацыя, бо яно не вядзе да выхаду з палітычнага крызісу Беларусі», – кажа Аляксандр Дабравольскі.

Прымусовае датэрміновае галасаванне, падмененыя выбарчыя ўрны і падкантрольныя рэжыму выбарчыя камісіі, праўладныя назіральнікі і каруселі з выбарнікаў, якіх перавозяць ад аднаго ўчастку да іншага, каб забяспечыць яўку… Да ўсіх гэтых ужо адшліфаваных сродкаў дадаліся новыя, якія ўлады абгрунтоўваюць пандэмічнай сітуацыяй – напрыклад, адсутнасць заслонаў у кабінках для галасавання.

«Калі нешта не так, што чалавек можа зрабіць? Ён можа ісці з апеляцыяй у судовыя інстанцыі. Судовых незалежных інстанцыяў у нас няма – і гэта значыць, што суды ёсць часткай гэтых фальсіфікацыяў і маніпуляцыяў, гэтага падману», – кажа апазіцыйны палітык Анатоль Лябедзька.

Каб выказаць нязгоду з тым, што адбываецца, і не даць падмяніць урны з бюлетэнямі, праціўнікі рэжыму заклікаюць не галасаваць датэрмінова.

«Для прыняцця зменаў у Канстытуцыю неабходна, каб “за” прагаласавала больш за 50 % усіх выбарнікаў, занесеных у спісы для галасавання. Менавіта колькасць «за» мае значэнне, таму для дэманстрацыі нязгоды абсалютна няважна, стаіць у бюлетэні адзнака «супраць» ці ён прызнаны несапраўдным», – гаворыцца ў заяве каманды Віктара Бабарыкі.

Офіс Святланы Ціханоўскай супольна з Народным антыкрызісным упраўленнем ды іншымі дэмакратычнымі сіламі прапануюць не проста галасаваць «супраць», а і псаваць бюлетэні.

«Прыйсці на ўчасткі і паставіць два крыжыкі ў кожнай клетачцы, каб сказаць, што нас не задавальняе ні старая Канстытуцыя, ні новая Канстытуцыя – і нас не задавальняе гэты падман. Гэта фактычна актыўны байкот», – кажа Аляксандр Дабравольскі.

Наступныя магчымыя крокі нязгодных выбарнікаў – публічна паказаць сваю нязгоду з дзеяннямі ўладаў, выклаўшы фотаздымак свайго бюлетэня ў сацыяльных сетках ды зафіксаваўшы свой выбар на платформе «Голас».

«Я б прытрымліваўся гэтых чатырох крокаў, якія можна зрабіць, каб пачуваць сябе ўнутры хаця б не падманутым, ці чалавекам, які зрабіў усё, што можна зрабіць у гэтай сітуацыі, якая не прадугледжвае моцнага палітычнага манеўру дзеянняў», – кажа Анатоль Лябедзька.

Машына фальсіфікацыяў працуе ў Беларусі дзесяцігоддзямі, і на кожным этапе выбарчай кампаніі ўлады маюць рычагі, каб атрымаць патрэбныя ім вынікі. Таму добрай стратэгіі дзеяння ў сённяшніх умовах не існуе, лічыць палітолаг Валер Карбалевіч:

«Перспектываў няма, бо ўлады ладзяць гэты рэферэндум для саміх сябе – і тут грамадства выступае толькі ў выглядзе назіральнікаў».

І ў сённяшняй сітуацыі адзіны спосаб выйсці з гэтае ролі назіральніка – пратэсты, адзначае палітолаг.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»