Алімпіяда ў Пекіне: старт дадзены


«Разам дзеля агульнае будучыні!» – пад такім дэвізам у Пекіне адбылася цырымонія адкрыцця дваццаць чацвёртых зімовых Алімпійскіх гульняў. Чаго чакаць беларусам ад галоўнага спартовага спаборніцтва зімы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Звыш за чатыры тысячы спартоўцаў з дзевяноста аднае краіны паспрачаюцца за сто дзевяць камплектаў медалёў у пятнаццаці дысцыплінах. На працягу шаснаццаці дзён нас чакае вострая барацьба і сусветныя рэкорды, шчасце пераможцаў і смутак пераможаных – але ж і за межамі спаборніцтваў вакол Алімпіяды стае цікавых навінаў.

Сёлетнія гульні пройдуць ва ўмовах жорсткіх ковідных абмежаванняў і дыпламатычнага байкоту ад шэрагу заходніх дзяржаваў у адказ на сістэматычнае парушэнне Кітаем правоў чалавека. У выніку большасць сусветных лідараў праігнаравалі запрашэнне на Алімпіяду. Адным з галоўных гасцей Сі Цзінь Піна стаў Уладзімір Пуцін.

Дарэчы, расейская каманда зноў выступіць не пад сваім сцягам. А вось Аляксандра Лукашэнку, які застаецца пад санкцыямі Міжнароднага алімпійскага камітэту, не запрасілі ні на адкрыццё, ні на традыцыйную вячэру.

У пэўнай ізаляцыі апынуліся і беларускія спартоўцы – чыноўнікі забаранілі ім камунікаваць з усімі журналістамі, акрамя прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ.

«Гэта пагаршае абстаноўку ў камандзе. Баюся ўявіць якія размовы ішлі са спартоўцамі, якая атмасфера. Бо мне падаецца, што галоўная задача гэтай дэлегацыі зараз – не паўтарыць Токіа, не паўтарыць выпадак з Ціманоўскай. Гаворка нават не пра колькасці медалёў, а аб тым, каб з’ездзіць без «касякоў», – распавядае спартовы журналіст Яраслаў Пісарэнка.

Сцяг Беларусі на цырымоніі адкрыцця пранеслі канькабежцы Ігнат Галавацюк і Ганна Ніфантава. Агулам у беларускай камандзе дваццаць восем спартоўцаў, якія выступяць у шасці відах спорту. Найвялікшыя медальныя спадзевы для беларусаў традыцыйна – біятлон і фрыстайл. Сярод лыжнікаў-стральцоў Ганна Сола. Дынара Алімбекава і Антон Смольскі праводзяць найлепшы сезон у карʼеры, а ў лыжнай акрабатыцы паўтарыць залатое дасягненне мінулых гульняў паспрабуе падпісантка ліста спартоўцаў супраць ґвалту і за новыя выбары Ганна Гуськова.

Адмыслоўцы прагназуюць для нашае краіны на гэтых гульнях максімум тры медалі. І гэта найбольш аптымістычны варыянт.

«Перспектывы не вельмі пазітыўныя. Ёсць міжнародная агенцыя, якая займаецца прагназаваннем медальных вынікаў. І вось згодна з ёю ў Беларусі не будзе медалёў. Я думаю, гэта найбольш рэалістычны прагноз у сітуацыі нашага спорту», – прагнузуе галоўны рэдактар by.tribuna.com Максім Беразінскі.

Першы шанец пазмагацца за медалі ў нашых спартоўцаў выпадзе ўжо заўтра. А дванаццатай гадзіне Дынара Алімбекава, Ганна Сола. Мікіта Лобастаў і Антон Смольскі возьмуць старт у змяшанай біятлоннай эстафеце.

Алесь Баразенка, «Белсат»