«Звязана з пандэміяй ковіду». За апошні год у Беларусі на 13 тысячаў менш выпадкаў раку

Сёння адзначаюць дзень барацьбы з анкалагічнымі захворваннямі. У Беларусі гэта хвароба лічыцца другой па смяротнасці, але за апошні год яе паказальнік знізіўся. Лекары лічаць, што гэта звязана з новай эпідэміяй – COVID-19.

Сёння пяцігадовы Мікіта вяртаецца з анкалагічнага цэнтру, дзе яму праводзяць хіміятэрапію. Хлопчык лекуецца ад вострага лейкозу другі год. На піку лячэння ягоная доктарка вымушаная была звольніцца з цэнтру.

«Калі ты прыходзіш і разумееш, што твайго лекара няма, і ёсць іншы, трэба ўсё зноўку праходзіць і тлумачыць, – гэта страшна. Рак у прынцыпе страшна. Засталіся ў паліклініцы два гематолагі, якія прымаюць», – расказвае маці Мікіты Сафія.

З РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі ды імуналогіі за апошнія тры месяцы звольніліся 5 дактароў: гематолаг і 4 анколагі. Прычына – неспрыяльныя ўмовы працы, з якімі работнікі сутыкнуліся пасля звальнення дырэктаркі Наталлі Канаплі. Кіраўніца не захацела скарачаць падначаленых, якія бралі ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Дзевяці беларускім анколагам прысудзілі арышты. Паводле звестак Фонду медычнай салідарнасці, кожны анколаг за час адседкі мог бы правесці 20 аперацыяў і прыняць дзвесце пацыентаў.

Мама Мікіты распавядае і пра перапоўненасць медычнай установы, праз што ейны сын пасля складанай хіміятэрапіі мусіў ехаць дадому, а не быць пад наглядам дактароў.

«У нас была пункцыя, мы не маглі знайсці месца, а нам трэба ляжаць уніз галавою. І мы дамаўляліся па чарзе. Такім чынам можна ў бальніцы да 8-й гадзіны вечара прабыць з-за такога патоку», – кажа Сафія.

Самастойна сям’я набывае і лекі. Паводле Сафіі, тыя, што прапаноўваюць у РНПЦ, выклікаюць у Мікіты пабочныя эфекты і не даюць патрэбнага выніку.

Пакуль што ў Беларусі на першым месцы ў прычынах смяротнасці – сэрцава-судзінныя хваробы. Рак даганяе. Кожны год – плюс тысяча новых выпадкаў. Летась аднак выявілі на 13 тысячаў менш выпадкаў захворванняў, чым у 2019-ым.

«Звязана гэта з пандэміяй ковіду. Менш людзі звяртаюцца – асабліва, калі іх нічога не турбуе. Прыпыніліся праграмы скрынінгу злаякасных новаўтварэнняў. Гэта нонсенс, вядома, калі перагружаная сістэма аховы здароўя», – кажа намеснік дырэктара РНПЦ анкалогіі імя Аляксандрава Сяргей Красны.

Адзін з відаў раку, на які часта хварэюць у маладым узросце, і захворванне, якое рэальна паменшыць з дапамогаю вакцынацыі, – рак шыйкі маткі. Але скрынінгавая праграма ў Беларусі не працуе.

«Вялікія захворванні з-за таго, што няма вакцынацыі на дзяржаўнай праграме, у краінах Усходняй Еўропы. Сама сістэма наладжвання скрынінгу – гэта складаны ланцуг мерапрыемстваў. І праца з пацыентамі, і апрацоўванне звестак, і кошт тэсту», – лічыць анкагінеколаг Андрэй Плятняў.

Паводле доктара, самае галоўнае для прафілактыкі раку ды іншых хваробаў – гэта неабыякавасць да ўласнага здароўя. Узровень асэнсаванасці беларусаў у гэтым пытанні змяніўся.

«За апошні час сталі вельмі адукаваныя, цяпер усе актыўна карыстаюцца інтэрнэтам. Людзі падкаваныя. Калі даводзіцца дачыняцца з пацыентамі, трэба ўлічваць, што яны прыйшлі падрыхтаваныя, усё нагуглілі», – кажа Андрэй Плятнёў.

Здаровы лад жыцця і адмова ад палення, своечасовы зварот да доктара і рэгулярныя абследаванні – галоўнае, што можа рабіць кожны чалавек, каб не трапіць у сумную статыстыку, адзначаюць дактары.

Алена Дубовік, Белсат

Глядзі таксама