У судзе прайшло папярэдняе паседжанне па справе «Белгазпрамбанку»


Справа Віктара Бабарыкі – у судзе. Але асноўны фігурант – былы банкір і ўдзельнік прэзідэнцкай гонкі – з’явіцца на судовым паседжанні толькі 17-га лютага. Сёння ў клетцы на лаве падсудных былі ягоныя намеснікі – топ-менеджары «Белгазпрамбанку».

Будынак суда ачэплены і агароджаны, уваход кантралюе ўзброеная міліцыя, замкнутыя ўсе залы, апроч адной. Гэтак у судзе Маскоўскага раёну сталіцы прайшло папярэдняе паседжанне ў справе «Белгазпрамбанку». Вярхоўны Суд разгледзеў дасудовыя пагадненні аб супрацы з былымі намеснікамі кіраўніцтва банку: Кірылам Бадзеем, Сяргеем Дабралётам, Дзмітрыем Кузьмічом, Аляксандрам Ільясюком, Сяргеем Шабаном і Віктарам Кабяком.

Іх абвінавачваюць у хабарніцтве ў асабліва буйным памеры. Нібыта падсудныя ажно 16 гадоў незаконна выдавалі камерсантам асабліва выгадныя крэдыты. Ці добраахвотна яны пайшлі на дасудовую дамову, праверыць немагчыма – на суд пусцілі працаўнікоў толькі дзяржаўных СМІ.

«Абвінавачаныя прынялі сур’ёзны пасільны ўдзел у станаўленні банкаўскай сістэмы, аддаўшы ёй ад 25 да 30 гадоў працы. Таму яны па сутнасці з’яўляюцца патрыётамі, якія выпадкова трапілі ў гэты вірун, бо даверыліся аднаму няспеламу палітыку», – на судзе заявіў газеце «Советская Белоруссия» Юрый Васкрасенскі, прадстаўнік уладаў у справе Бабарыкі.

Так Юрый Васкрасенскі называе Віктара Бабарыку, кіраўніка »Белгазпрамбанку«, які ў траўні пакінуў пасаду і сабраў рэкордную колькасць подпісаў за вылучэнне кандыдатам на прэзідэнцтва. 18-га чэрвеня Віктара Бабарыку разам з сынам Эдуардам арыштавалі і пасадзілі ў Следчы ізалятар КДБ. Абвінавацілі ў адмыванні грошай. Гэтае інтэрв’ю »Белсат« запісаў за дзень да арышту Бабарыкі, калі былі затрыманыя людзі з ягонага атачэння.

«Гэта прыкладна 20 чалавек, якіх затрымалі і трымаюць. Колькі трапілі пад допыты, апытанні… Не ведаю, каля паўсотні… Маштаб гэтай акцыі беспрэцэдэнтны. І тое, што яна праводзіцца ў межах перадвыбарнай кампаніі, з майго пункту гледжання відавочна, і што носіць палітычны характар», – распавёў «Белсату» Віктар Бабарыка 17 чэрвеня.

У »Белгазпрамбанку« прайшлі ператрусы, з выманнем сродкаў, карцінаў, што прадстаўляюць гістарычную спадчыну, і нават узломам прыватных банкаўскіх ячэек. Справу Бабарыкі курыраваў Іван Церцель, які ў чэрвені з намесніка старшыні КДБ зрабіўся кіраўніком Камітэту дзяржкантролю, а пасля выбараў – ужо кіраўніком КДБ. На падставе ліста ад падначаленых Церцеля Цэнтрвыбаркам Лідзіі Ярмошынай адмовіў у рэгістрацыі Бабарыкі кандыдатам на прэзідэнцтва.

«Улады настолькі слабыя, што не зважаючы на тое, што альтэрнатыўныя кандыдаты ў турме і не могуць весці выбарчай дзейнасці, спалохаліся і не дапусцілі Віктара Бабарыку да выбарчага працэсу», – заявіла на выхадзе з Цэнтрвыбаркаму Марыя Калеснікава, кіраўніца штабу Віктара Бабарыкі.

І Марыя Калеснікава, і адвакат Максім Знак потым таксама трапілі за краты ў справе аб пагрозе нацыянальнай бяспецы. А Віктара Бабарыку ды іншых палітычных апанентаў у Следчым ізалятары КДБ спрабаваў схілІць да супрацы асабіста Аляксандр Лукашэнка, каб яны супакоілі пратэсты. На актыўную супрацу пайшоў Юрый Васкрасенскі, каардынатар сярэдняга ўзроўню ініцыятыўнай групы Бабарыкі. Цяпер ён возіць палітвязняў з ізалятару КДБ пад хатні арышт, а за кратамі ўгаворвае іх пайсці насустрач сілавікам.

«Віктар Дзмітрыевіч жыве ў сваім вымярэнні, бо прэзідэнт і на круглым стале рабіў яму прапанову раскаяцца і вярнуць усё краіне і народу», – так Васкрасенскі на судзе пераконваў пераконваў працаўнікоў дзярж-СМІ, што Бабарыка вінаваты ў крымінальнай справе супраць ягоных былых калегаў.

Сёння ж у Магілёве адбылося паседжанне ў справе Сяргея Кармызава, экс-кіраўніка магілёўскага філіялу «Белгазпрамбанку». Ужо другі раз міліцыя не пусціла ў залу незалежных журналістаў. У чэрвені дзяржаўнае тэлебачанне паказвала сюжэт аб палітычным абгрунтаванні, вялізных грошах і сувязі з камандай Бабарыкі, але цяпер у справе засталася адна пацярпелая.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»