Судовыя хронікі: 9 пацярпелых міліцыянтаў і адзін інкогніта


Рэпрэсіўная машына не збіраецца спыняцца: у Беларусі дзень за днём разглядаюць новыя палітычныя справы, выносяцца несувымерна жорсткія пакарання і павялічваецца колькасць палітзняволеных.

Тры гады калоніі і 300 рублёў штрафу за нібыта гвалт у дачыненні міліцыянта. Такі вырак пачуў 24-гадовы гамяльчук Аляксей Губіч. Спярша маладзёна вінавацілі за напад на спадара Шапавалава – працаўніка Чыгуначнага РАУС – падчас пратэсту 20-га кастрычніка. Нібыта Аляксей збіў яго з ног і нанёс некалькі ўдараў.

Момант трапіў на відэа, дзе ясна: Аляксея не было побач з міліцыянтам. Неўзабаве знайшоўся новы пацярпелы – амапавец з распаўсюджаным сярод сведак у балаклаве прозвішчам Іваноў. Ягоныя словы і сталіся вызначальнымі пры вынясенні прысуду. Да ўвагі не ўзялі і таго, што падсудны меў праблемы са здароўем.

«У яго кожны дзень танчэе рагавіца вока. І рагавіца вока можа станчэць настолькі, што Аляксей аслепне і застанецца інвалідам», – кажа маці Аляксея Губіча Наталля Губіч.

За выкарыстанне пярцовага балончыка суддзя Сяргей Будрэвіч пакараў трыма гадамі пазбаўлення волі віцябляніна Арцёма Ісакава.

«Гэта ўсё паклёп. Проста яны думалі, што гэта балончык аэразольны. Балончык – струменны. Ён не дае аэразольнага эфекту. Але чамусьці ўсе пацярпелыя даказвалі, што яны трапілі ў воблака. Балончык – струменны, выразна скіраванага дзеяння. Можна распыляць у памяшканні», – кажа бацька Арцёма Сяргей Ісакаў.

Пацярпелыя – 9 міліцыянтаў, якія ў момант здарэння былі ў цывільным.

«Я разумею, што суддзя грунтаваўся сапраўды не на тых блытаных паказаннях, якія давалі супрацоўнікі ўнутраных справаў. Ён грунтаваўся на пэўных фактах. Гэта экспертызы, відэа – тое, што бясспрэчна. І 3 гады для артыкулу 364. Я лічу, што ў дадзенай сітуацыі гэта разумна, зыходзячы з агульнай палітычнай сітуацыі, якая назіраецца ў краіне», – мяркуе праваабаронца Ірына Траццякова.

Затрыманых у мінулую суботу супрацоўнікаў крамы Symbal.by пакаралі адміністратыўнымі арыштамі за нібыта непадпарадкаванне сілавікам. Анастасія Трафімчык і Вольга Ігнатовіч атрымалі 15 содняў кожная. Мікіта Броўка і Ксенія Міклашэўская – па 20. Дырэктар крамы Павел Белавус кажа, цяпер праблемы пачаліся і ў іхных партнёраў.

«Як мы ведаем, што цяпер шмат каго з іх выклікаюць у той жа АБЭЗ, прыходзяць з праверкамі і асобнае пытанне: «Ці выраблялі вы прадукцыю з бел-чырвона-белым сцягам і Пагоняй? Ці пастаўлялі вы Symbal.By ды іншым?» Як бы сігнал, што калі хочаце далей працаваць, то гэтага больш не рабіце», – распавядае дырэктар ТАА «Symbal.by» Павел Белавус.

Дырэктара ж Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага і юрыста Алега Граблеўскага ў аўторак сем гадзінаў пратрымалі ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю. Калі падрабязнасці допыту з’явіліся ў медыях, на наступны дзень мужчынаў затрымалі зноў. Алега Граблеўскага змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

«Ён падазраваны паводле артыкулу 209 «Махлярства«. І на сённяшні момант ён затрыманы на 72 гадзіны. Што датычыць кіраўніка офісу, то ён застаецца пад хатнім арыштам. Ён не можа кантактаваць з іншымі асобамі», – распавядае дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend Вольга Смалянка.

Праваабаронцы заклікаюць улады вызваліць сваіх калегаў з Офісу правоў людзей з інваліднасцю ды ўсіх затрыманых з палітычных матыва,ў колькасць якіх няспынна павялічваецца. Сёння спіс палітвязняў Беларусі папоўнілі яшчэ два прозвішчы.

Надзея Бельская, «Белсат»