Жытло будзе дасяжнае толькі для сілавікоў


Людзі ў пагонах і шматдзетныя сем’і – прыярытэт для дзяржаўнай падтрымкі ў будаўніцтве жытла – заяўляе Аляксандр Лукашэнка. Асноўныя бенефіцыяры бюджэту на 2022-і год, праект якога прэзентавалі напярэдадні, – таксама сілавікі. Чаму ўласнае жытло ў Беларусі можна атрымаць толькі за заслугі перад рэжымам?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Няма будаўніцтва – няма развіцця краіны. Такімі словамі Аляксандр Лукашэнка пачаў сустрэчу з прэмʼерам і міністрам архітэктуры ды будаўніцтва. Тэма – вынікі развіцця будаўнічай галіны.

«Ёсць праблемы, ёсць. Я не кажу, што вы абрынуліся (гэтага толькі не ставала), але ёсць праблемы», – заявіў Лукашэнка.

Нягледзячы на праблемы, у прыярытэце Аляксандра Лукашэнкі – падтрыманне жыллёвага будаўніцтва для дзвюх катэгорыяў:

«Зразумела, ёсць абсалютны прыярытэт – гэта шматдзетныя семʼі. Ёсць абсалютны прыярытэт – гэта людзі ў пагонах».

На стварэнне камфортных умоваў пражывання сілавікоў ды іхных семʼяў дзяржава заклала ў праграму «Забеспячэнне правапарадку» на 2021-шы–25-ты гады 465 мільёнаў рублёў – амаль 180 мільёнаў долараў у эквіваленце.

«На сілавіках трымаецца ўлада Лукашэнкі. Ён не прэзідэнт Беларусі, ён прэзідэнт АМАПу. Па сутнасці, хто яго абараняе, той і атрымлівае. Ён адбірае нешта ў грамадзянаў, якія не лаяльныя да яго ды не лічыць яго легітымным, і аддае таму, хто забяспечвае ягоную ўладу сілаю», – перакананы кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін.

Падтрыманне сілавікоў і шматдзетных семʼяў дзеіць ужо шмат гадоў. Абедзве катэгорыі могуць разлічваць на недарагія крэдыты.

«Для сілавікоў будуюцца дамы па такіх жа цэнах, як і для шматдзетных, дакладна так сама ім нармуецца жылая плошча і дакладна так сама ім даводзіцца плаціць палову кошту са сваёй кішэні. А танны крэдыт даецца на палову, не больш. Сказаць, што ім на халяву даецца, будзе няправільна», – падкрэсліла экспертка ў нерухомасці.

У 2021-ым годзе абʼёмы будоўлі жытла павялічыліся на 4 адсоткі, пры гэтым доля будаўнічай галіны ў ВУП краіны за апошнія 8 гадоў упала амаль удвая. Летась яна склала менш за 5 адсоткаў. Амаль на 100 тысячаў чалавек скарацілася і колькасць будаўнікоў.

«Будоўля – гэта люстэрка эканомікі. І першае, ад чаго людзі адмаўляюцца ў крызісныя гады, калі яны не бачаць будучыні ў краіне, у эканоміцы краіны, – ад укладанняў у будаўніцтва. І будаўніцтва вельмі добра паказвае настрой у грамадстве», – лічыць Уладзімір Кавалкін.

Будаўніцтва жытла – лакаматыў для іншых галінаў эканомікі. Аднак для большасці жыхароў краіны новае жытло застаецца далёкаю мараю. Таннай іпатэкі ў Беларусі няма, а большасць беларусаў можа разлічваць на растэрміноўку ад забудоўнікаў і банкаўскія крэдыты. Але стаўка па крэдытах шмат для каго не падʼёмная – больш за 20 адсоткаў гадавых, да таго ж трэба пацвердзіць высокі даход. Падставаў для зніжэння ставак пакуль няма.

«У нас ніхто не прагназуе даступнасці крэдытных сродкаў, і эканоміка наўрад ці дазволіць крэдытаваць будаўніцтва масава. І ніхто не прагназуе росту даходаў, росту сярэдняй зарплаты, калі няма росту даходаў, няма за што будаваць», – мяркуе экспертка ў нерухомасці.

У 2021-ым годзе беларускія забудоўнікі фіксавалі высокі попыт на жытло. Гэта вынік адкладзенага попыту годам раней, калі беларусы адчувалі шок ад палітычнага крызісу ў краіне. Аднак налета эксперт прагназуе зніжэнне цікавасці да набыцця жытла, бо даходы насельніцтва падаюць. А, значыць, будаўнічую галіну чакае далейшае падзенне.

Антон Каменскі, «Белсат»