У Слуцку пракуратура правярае школы


У Слуцку пракуратура трасе мясцовыя школы. Бо хтосьці выклаў у інтэрнэт фота просьбы здаць грошы на патрэбы адной з навучальных установаў гораду. Аб‘яву размясціў апякунскі савет гэтай школы. То бок самыя бацькі. Але зазвычай робіцца гэта праз настаўнікаў з ініцыятывы школьнай адміністрацыі. Алена Маслюкова, праваабаронца, настаўніца з 32-ухгадовым стажам сутыкалася з падобным на ўласным досведзе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тады я яшчэ маладая зусім, класная кіраўніца сказала дырэктару школы, што я не буду гэтым займацца і патлумачыла, чаму я не буду гэтым займацца. Бо любыя зборы сродкаў, асабліва, як тады казалі, проста трымайце ў рукі і пасля перадайце, – гэта незаконная маніпуляцыя, і я не хачу садзіцца ў турму», – кажа Алена Маслюкова.

З часам у школах сталі ствараць апякунскія камітэты. У выпадку Слуцку такі камітэт пастанавіў наступныя стаўкі: 25 рублёў за год з сям’і з адным вучнем, 37 з паловаю – за год з сям’і з двума і больш вучнямі. Але насамрэч за кожнаю школаю замацаваны спонсар. Звычайна гэта нейкае раённае прадпрыемства. Што самое, як правіла, ледзьве ліпІць. Як тады атрымаць неабходныя сродкі?

«Кіраўніцтва прымушае выкладчыкаў размаўляць з бацькамі і выбудоўваць зносіны такім чынам, каб бацькі абавязкова здавалі сродкі. Калі бацькі не здаюць сродкаў, гэта непазбежна рана ці позна адлюстроўваецца на стаўленні да дзяцей», – лічыць прадстаўніца Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова.

Настаўнікі – такія ж закладнікі дзяржаўнай сістэмы. Але нідзе ў заканадаўстве не прапісана, што яны мусяць ісці ў яе на павадку Як бацькі ня мусяць несці грошы супраць сваёй волі. Абодвум бакам заўсёды можна адмовіцца, лічыць Алена Маслюкова.

«Калі ў бацькоў ёсць жаданне зрабіць падарунак школе, яны могуць зрабіць гэты падарунак. Але гэта мусіць быць падарунак, а не прымус», – лічыць Алена Маслюкова.

Каб разабрацца ў праблеме, мы запыталі нашых гледачоў, як часта яны з ёй сутыкаюцца. З амаль як тысячы чатырохсот апытаных палова паведаміла аб прымусовых зборах. Менш за палову з прымусам не сутыкаюцца, і толькі два адсоткі просьбаў здаць грошы ня чулі. Сваімі поглядамі на развязанне праблемы нашыя гледачы падзяліліся ў каментарах.

«А што рабіць, калі райана грошай не дае школе? Дзіцяці ў прыбіральні няма чым падцерціся. Паказуха як паўсюль. Я лепш здам».

«Дзіцяці можна пакласці з сабою ў партфель невялічкі пачак сурвэтак і маленькую бутэльку з вадой. Я так і раблю. Два гады не здаю грошы ні ў бацькоўскі камітэт, ні ў апякунскі».

«Вас жа запрашаюць на бацькоўскія сходы пасядзець. Вось і вырашайце праблемы разам. Не хочаце грашыма, дык скаргамі закідайце», – дзяліліся думкамі нашыя чытачы.

Што датычыць Слуцку, то парушэнні мясцовая пракуратура знайшла ў фіксаваных стаўках для бацькоў, бо пастановы апякунскага савету, цытата, носяць кансультатыўны і рэкамендацыйны характар. Платы на патрэбы школы не павінны быць абмежаваныя. То бок гэта можа быць любая сума, як меншая, так і большая. Падобныя пратэсты ад пракуратуры атрымалі яшчэ дзве слуцкія школы.

Надзея Бельская, «Белсат»