«Дачка пачынае пытацца, што такое турма»

Уладзіміру Мацкевічу яшчэ на месяц працягнулі тэрмін утрымання пад вартаю. Філосаф, метадыст і наш калега застаецца пад арыштам з 4-га жніўня, калі яго затрымалі пасля ператрусу. Праз месяц справу маюць або перадаць у суд, або перагледзець і выставіць іншыя абвінавачанні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На гэты момант матэрыялы размешчаныя Уладзімірам у «Фэйсбуку» і ў сродках масавай інфармацыі накіраваныя на экспертызу на прадмет экстрэмізму і распальвання варожасці. Экспертыза пакуль не завершаная і справа падвешаная», – кажа жонка палітвязня Святлана Мацкевіч.

Сёння ж стала вядома, што журналіст Дзяніс Івашын першага студзеня выйшаў з карцару, дзе сустрэў і Каляды, і Новы год. Дзяніс Івашын застаецца за кратамі з сакавіка мінулага года, яго вінавацяць ва ўмяшанні ў дзейнасць органаў унутраных справаў і здрадзе дзяржаве. У час перабывання ў карцары Дзяніса сілком пастрыглі.

«Яго вывелі ў прыбаннік, дзе найхутчэй камер няма і пастрыглі пад машынку, пакінуўшы пару міліметраў на галаве. Зараз мы пішам скаргу. Яны не маюць права гэтага рабіць, ён не пакараны, ён не прызнаны судом вінаватым і спадзяюся не будзе прызнаны, спадзяюся дажывем да свабоднай Беларусі», – распавядае маці палітвязня Людміла Івашына.

Дзяніса Насуру не выпусцілі на волю пасля арышту. Галоўнага бізнес-аналітыка «EPAM» затрымалі 9-га снежня на 13 содняў за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, а потым яшчэ на 10 содняў па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства. Цяпер яго затрымалі на два месяцы і распачалі крымінальную справу за арганізацыю або рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Дачка Ігара Лосіка ўжо другі дзень народзінаў сустракае без таты. Палітычны вязень за кратамі з чэрвеня 2020-га, ён адзін з фігурантаў гэтак званай справы Ціханоўскага. Суд пакараў Ігара Лосіка 15-цю гадамі калоніі. Трохгадовая дзяўчынка ўжо распытвае пра тату.

«Яна пачынае разумець што тата не ў камандзіроўцы, пачынае пытацца што такое турма, хто забраў тату, чаму яго забралі, і даводзіцца дзіцячай простай мовай тлумачыць, што насамрэч адбываецца. Раней я гэтага не рабіла не таму, што я саромелася ці баялася, але таму што яна не разумела гэтага праз узрост», – кажа жонка палітвязня Дарʼя Лосік.

Паводле праваабаронцаў, з лета 2020-га ў Беларусі распачалі больш за пяць тысячаў крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. Толькі цягам мінулага месяца паводле такіх справаў асудзілі не менш за 118 чалавек. Колькасць прызнаных праваабаронцамі палітычных вязняў складае 968 асобаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама