Ці працягне ў Латвіі ісці «Дождь»?


У Латвіі разгарэўся скандал з расейскамоўным тэлеканалам «Дождь». Неасцярожная заява аднаго з вядоўцаў аб «дапамозе расейскаму войску» можа каштаваць апазіцыйнаму каналу права на трансляцыю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Выданне праграмы «Здесь и сейчас» першага снежня на тэлеканале «Дождь» каштавала вядоўцу Аляксею Карастылёву працы і справакавала скандал, які можа моцна адбіцца на расейскіх незалежных медыях. У эфіры тэлеканалу, які праз ціск расейскага рэжыму вымушаны быў пераехаць і цяпер працуе з тэрыторыі Латвіі, фактычна заклікалі дапамагаць расейскім акупацыйным войскам ва Украіне развязваць іхныя побытавыя праблемы.

Пасля розгаласу фрагмент эфіру быў выдалены, а тэлеканал выступіў з заяваю пра спыненне супрацы з Карастылёвым.

Пазней патлумачыць сітуацыю спрабаваў і сам Карастылёў.

«Грошай расейскаму войску на коптэры ці нават на шкарпэткі я не дасылаю і не заклікаў гэтага рабіць. Словы вырваныя з кантэксту. Шкада мне кінутага ўсімі галоднага мабілізаваць (пра іх ішла гаворка)? Так. Пуцін – прыгажунчык? Не. Здаецца, водападзел праходзіць дзесьці тут», – напісаў Аляксей Карастылёў у сацыяльных сетках.

Аднак прынялі падобныя тлумачэнні далёка не ўсе. Словы Карастылёва абурылі ўкраінскіх блогераў і журналістаў.

«Так ці інакш, яны для сябе спрабуюць апраўдаць гэтую агрэсію і апраўдваюць. Узяць на сябе адказнасць – балюча, страшна і прыніжальна, але годна. Сказаць: так, я расеец і вінаваты ў тым, што робіць мая краіна, бо гэта Расея распачала вайну. Яны гэтай адказнасці браць не хочуць, спрабуюць адсядзецца, прайсці паміж кроплямі, патлумачыць нейкаю эмпатыяй чалавечай. Не, я ў гэта не веру», – кажа ўкраінская журналістка «Белсату» Тэцяна Іванська.

Выказванні Аляксея Карастылёва – не першыя спрэчныя дзеянні «Дождя» адносна вайны ва Украіне. Учора Нацыянальная рада электронных медыяў Латвіі аштрафавала канал на 10 тысяч еўраў за паказаную ў эфіры мапу з анексаваным Крымам у складзе РФ, а таксама – за выкарыстанне ў дачыненні расейскіх войскаў выразу «нашая армія».

У радзе электронных медыяў зазначылі, што гэта другое сур’ёзнае парушэнне ад «Дождя» за апошнія месяцы, пасля трэцяга канал могуць пазбавіць ліцэнзіі на трансляцыю. Гэткім трэцім парушэннем і могуць зрабіцца рэзанансныя словы журналіста. Справаю занялася служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі. Там правераць, ці не дапамагаў «Дождь» і Карастылёў асабіста расейскаму войску.

«Калектыў «Дождя» павінен вярнуцца ў Расею, а працаўнікоў варта пазбавіць відаў на жыхарства. Чаша перапоўненая», – кажа міністр абароны Латвіі Артыс Пабрыкс.

Кіраўнік камісіі Сейму ў правах чалавека і грамадскіх справах Дыдзыс Шмітс прапанаваў спыніць прымаць у Латвіі агулам усе расейскія медыі.

«Не думаю, што еўрапейскія краіны адмовяць у дапамозе расейскім незалежным СМІ, але кантролю стане болей. І самі расейскія медыі павінны лепш кантраляваць, што кажуць, таму што нават, калі ты на баку Украіны, то ўсё роўна жывеш у расейскім кантэксце і такія выпадкі могуць паўтарацца», – кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

«Дождь» перастаў працаваць у Расеі ў пачатку сакавіка, пасля таго як журналістам у краіне стала пагражаць крымінальная адказнасць паводле новага артыкулу КК РФ аб «ваенных фэйках». Каналу ўдалося атрымаць дазвол на вяшчанне, у той час як трансляцыю расейскіх дзяржаўных каналаў у краіне забаранілі. Агулам у Латвіі знайшлі прытулак і магчымасць працаваць больш за дзвесце расейскіх журналістаў і 23 медыйныя арганізацыі.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»