Топ-10 хабарнікаў Лукашэнкі, Новае расследаванне ад «ByPol»


Пра галоўнага карупцыянера Беларусі, які вось ужо 27 гадоў гучней за ўсіх крычыць «трымай злодзея» вядома, бадай, кожнаму. Можна складаць цэлыя топ5 ці топ-10 аўтамабіляў, рэзідэнцыяў ці самалётаў, якімі бязмежна кіруе Лукашэнка. Аднак хто тыя хабарадаўцы, якія стаяць за гэтым шыкоўным жыццём дыктатара? Чарговае расследаванне ад арганізацыі былых сілавікоў «ByPol» упершыню агучвае імёны тых, хто даваў Лукашэнку хабар у выглядзе топавых аўтамабіляў і матацыклаў. Падрабязней пра аўтапарк коштам у мільёны долараў распавядзе Валера Руселік.

Тое, што кіроўны рэжым у Беларусі на чале з яго стваральнікам літаральна патанае ў карупцыі, наўрад ці для кагосьці таямніца. Пры гэтым гісторыя змагання з хабарніцтвам і злоўжываннем службовымі паўнамоцтвамі цягнецца яшчэ з першай паловы 1990-х – з гучных абяцанняў Лукашэнкі перамагчы і выкараніць карупцыю ў краіне.

Ініцыятыва былых сілавікоў «ByPol» апублікавала чарговае расследаванне, у якім распавядае не толькі пра непасрэдны ўдзел у карупцыйных схемах самога дыктатара, але і ўпершыню агучвае, хто менавіта даваў хабар Лукашэнку.

Аўтары расследавання на аснове аналізу звестак, здабытых «Кіберпартызанамі», засяроджваюцца на аўтапарку, сфармаваным з падораных Лукашэнку шыкоўных аўтамабіляў і матацыклаў цягам апошніх пяці гадоў. Гаворка вядзецца пра 31 транспартавы сродак на суму звыш 6-ці мільёнаў 181-й тысячы долараў ЗША. У пераліку гэта 528 хабараў у асабліва буйным памеры.

«Сённяшняе расследаванне паказала размах карупцыі ў існай сістэме і паказала галоўнага карупцыянера, хоць ён і не ёсць адзіным. Гэткі размах карупцыі стаўся магчымы менавіта дзякуючы дзеянням грамадзяніна Лукашэнкі», тлумачыць прадстаўнік «ByPol» Ігар Лобан.

Ачольвае топ-10 хабарнікаў Лукашэнкі набліжаны да яго буйны бізнесовец Аляксей Алексін, які падарыў дыктатару аўтамабіляў і матацыклаў ажно на больш як 2 з паловаю мільёны долараў. На другім месцы – Айжан Кененбаева, нявестка збеглага экс-прэзідэнта Кыргызстану Курманбека Бакіева. За схоў у Беларусі ад правасуддзя на радзіме сям’я Бакіевых папоўніла аўтапарк Лукашэнкі «падарункамі» агулам больш як на 1 мільён 600 тысяч долараў.

Называе «ByPol» і сапраўднага дарыльніка ўжо знакамітай «Тэслы», якую, паводле Лукашэнкі, яму нібыта прэзентаваў сам Ілан Маск. Насамрэч топавы электракар у якасці хабару дыктатару перадаў яшчэ адзін набліжаны да яго алігарх Мікалай Варабей, трэці ў спісе самых шчодрых хабарадаўцаў Лукашэнкі.

Падсумоўваюць жа сваё расследаванне былыя сілавікі з «ByPol» экскурсам у сферу айчыннага антыкарупцыйнага заканадаўства.

Што праўда, канстатуюць аўтары расследавання, улічваючы паказальную бяздзейнасць цяперашняй праваахоўнай сістэмы, пакаранне чакае злачынцаў толькі пасля перамогі над рэжымам Лукашэнкі.

«У Беларусі склалася гэткая сістэма, выбудаваная непасрэдна Лукашэнкам, пры якой праваахоўныя органы могуць рэагаваць на праявы карупцыі з боку чыноўнікаў толькі са згоды іх гаспадара, то бок самога Лукашэнкі. Менавіта таму мы бачым гэткую ўражальную розніцу паміж дзеяннямі праваахоўнікаў у дачыненні асобаў, звязаных з пратэставай дзейнасцю, і, па сутнасці, бяздзейнасцю адносна чыноўнікаў у дзеяннях, датычных карупцыі», – кажа Ігар Лобан.

А таму, абяцае «ByPol», расследаванні злачынстваў Лукашэнкі і ягонай світы працягнуцца.

Валера Руселік, «Белсат»