4 гады калоніі за арганізацыю чаяванняў


Колькасць палітзняволеных у Беларусі ізноў павялічылася. Праваабаронцы дадалі ў спіс палітвязняў новыя прозвішчы. Зара беларускі рэжым утрымлівае за кратамі па палітычных матывах амаль 900 чалавек. Сярод іх – шматдзетная маці Вольга Залатар. Сёння Менскі гарадскі суд агучыў прысуд Вользе – за арганізацыю чаявання, дваровых канцэртаў і прагулак – 4 гады гады калоніі.

Прысуд Вользе Залатар суддзя Менскага гарадскога суда Анастасія Папко чытала амаль паўтары гадзіны. Замест дакладных юрыдычных фармулёвак у выраку гучала шмат мастацкіх выразаў, кшталту «грамадскі спакой» і «выклік грамадству», адзначае былы адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў:

«На жаль, ніякіх доказаў мы не пабачылі ні ў судовым разборы, ні ў высновах суда. Яны пабудаваныя на нейкіх абрывачных, супярэчлівых звестках».

Вырак Вольга выслухала з усмешкаю на твары, кажа мужчына, які прыйшоў падтрымаць Вольгу ў судзе:

«У яе паблажлівая ўсмешка, пакачала галавой. Зразумела, што яна была падрыхтаваная да гэтага, і ніякага шоку і сюрпрызу для яе не было. Адзінае, мінімальная радасць – прасілі 5 гадоў, далі 4 галы. Але гэта радасць са слязьмі на вачах».

Вольгу Залатар прызналі вінаватай адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: стварэнне экстрэмісцкага фармавання, арганізацыя і навучанне дзеянням, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама саўдзельніцтва. Віны Вольга не прызнала. На заяву аб катаваннях падчас яе затрымання супрацоўнікамі ГУБАЗіК ні суд, ні Следчы камітэт увагі не звярнулі.

«Наколькі мне вядома, на гэты момант вынесеная пастанова аб адмове ў адкрыцці крымінальнай справы. На якіх падставах… мне як заяўніку – мне ніякіх адказаў не прыходзіла», – падкрэсліў Андрэй Мачалаў.

Маці пяцёх дзяцей Вольга Залатар актыўна ўключылася ў грамадскую дзейнасць летам 2020 года. Была назіральніцай на выбарах і валанцёркай каля ізалятару на Акрэсціна.

Вольга Залатар з сям’ёй.
Фота: spring96.org

Суддзя Кастрычніцкага раёну Горадні Віталь Лабоцкі пакараў Дзмітрыя Горбача паўтара гадамі калоніі за сігнал у падтрыманне мірных пратэстоўцаў летась у жніўні. Горбача абвінавацілі ў арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Асуджаны мае інваліднасць трэцяй групы.

Крымінальную справу паводле таго ж артыкулу завялі супраць маці анархіста Рамана Халілава Гаянэ Ахтыян. Зараз яна адбывае 10 содняў арышту. А колькасць палітвязняў сёння павялічылася да 896 асобаў. У спіс палітзняволеных праваабаронцы дадалі яшчэ 8 імёнаў.

Антон Каменскі, «Белсат»