У Беларусі працягваецца хваля рэпрэсіяў


Лідары Аб’яднанай грамадзянскай партыі атрымалі турэмныя тэрміны. Суд Першамайскага раёну Менску прысудзіў Антаніне Кавалёвай год калоніі, Аксане Аляксеевай – паўтара года і Мікалаю Казлову – два з паловаю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Відавочна, што гэтыя прысуды не заснаваныя на законе і на Канстытуцыі. Таму што людзі, якія выйшлі пратэставаць супраць фальсіфікацыі выбараў, мелі рацыю. І замест таго, каб прыцягнуць да адказнасці тых, хто здзейсніў гэтую фальсіфікацыю, тых, хто пачаў рэпрэсіі супраць грамадзянаў Беларусі, судзяць тых людзей, якія выступілі за праўду і справядлівасць», – каментуе прысуды сябра палітычнай рады АГП Аляксандр Дабравольскі.

Усіх траіх прадстаўнікоў Абʼяднанай грамадзянскай партыі асудзілі за ўдзел у Маршы новай Беларусі ў 2020 годзе паводле «народнага артыкулу» 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Мікалай Казлоў выступіў з апошнім словам:

«Я ўпэўнены, што я буду рэабілітаваны. Я адсяджу, нічога страшнага. Усе сядзяць, і я адсяджу. І я ведаю дакладна, што я буду рэабілітаваны, і я ведаю дакладна, што вось такія справы будуць нагодай судовага разгляду, я ў гэтым упэўнены. Таму што ў любым іншым выпадку гэта будзе несправядліва, будзе незаконна ні паводле чалавечых, ні паводле божых законаў».

Гэтым судом рэпрэсіі не абмяжоўваюцца. Паводле інфармацыі выдання «Наша Ніва», супрацоўнікі лукашэнкаўскага КДБ правялі аблавы ў Нацыянальнай акадэміі навук. Вядома, што ўсяго затрымалі 44 асобы. Сярод іх ёсць вучоныя з Інстытуту біяарганічнай хіміі. Сваякі затрыманых таксама паведамілі, што затрымалі аднаго чалавека, які ўваходзіць у прэзідыум Акадэміі. Меркавана, арыштоўвалі ўдзельнікаў тэлеграм-чату «Навукоўцы супраць ґвалту».

«Логіка Лукашэнкі якраз у гэтым і заключаецца, што незалежна ад таго, што напісана ў Канстытуцыі, што думаюць выбарнікі, якая пазіцыя ў беларускага народу, ён мае намер кіраваць. І ён, магчыма, быў бы шчаслівы, каб яго пакінулі ў спакоі і ніхто не перашкаджаў кіраваць: ні беларускі народ, ні Пуцін, які хоча ўцягнуць Беларусь у вайну», – кажа Дабравольскі.

Затрыманні адбыліся і ў Берасці. 2 лістапада перад пачаткам службы ў грэка-каталіцкай царкве быў затрыманы святар Ігар Кандрацьеў. І ў той жа дзень быў затрыманы галоўны рэдактар беларускай рэлігійнай газеты «Царква» Ігар Бараноўскі.

«Адбываецца вайна. Проста адбываецца вайна. Калі хтосьці думае, што яна пачалася і ідзе толькі ва Украіне, гэтыя людзі памыляюцца. Мякка кажучы. Вайна гэтая ідзе вельмі даўно», – кажа праваабаронца з Берасця Уладзімір Вялічкін.

У свой час рэжым Лукашэнкі падлашчваўся да Ватыкану. У 2006 годзе афіцыйны Менск зняў з пракату амерыканскі фільм Рона Гаўарда «Код да Вінчы», тым самым зрабіўшы рэверанс у бок Касцёлу. Таксама Лукашэнка быў госцем у двух Папаў: Бэнэдыкта 16-га і Францішка. І вось цяпер, пасярод рэпрэсіяў супраць вернікаў, Ватыкан маўчыць і нават выпускае марку з дзяржаўным гербам Беларусі да 30-годдзя дыпламатычных адносінаў паміж дзвюма дзяржавамі. Чаму?

«Мы выступаем у гэты момант адносна ватыканскай палітыкі адносна Беларусі сведкамі такой нармалізацыі, прыстасавання да новых умоваў, каб Касцёл мог хоць у якіх-небудзь мерках існаваць і дзеяць. Калі б, напрыклад, Ватыкан пачаў рэзка выказвацца, то, напэўна, гэта б не змяніла пазіцыі Касцёлу ў Беларусі. Публічныя выказванні нічога б не змянілі. Святароў не перасталі б арыштоўваць, або не спыніліся б рэпрэсіі», – мяркуе каталіцкі актывіст Арцём Ткачук.

У 2020 годзе святар Ігар Кандрацьеў быў тым, хто спрабаваў мірным шляхам спыніць ґвалт, які чынілі служкі рэжыму Лукашэнкі. Ягоная дыпламатычная пазіцыя на перамовах з гарадскімі ўладамі Берасця падарыла сотням арыштаваных людзей датэрміновы выхад на волю.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»